Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/219

Гэта старонка не была вычытаная

лепшай раллі апрацоўваліся сваімі работнікамі ўдасканаленымі прыладамі, астатняя-ж трэцяя частка зямлі апрацоўвалася сялянамі наймам па пяць рублёў за дзесяціну, г. зн. за пяць рублёў селянін павінен быў тры разы ўзараць, тры разы заскародзіць і засеяць дзесяціну, потым пакасіць, звязаць ці зжаць і адвезці на гумно, г. зн. зрабіць работу, што па вольнаму таннаму найму варта самае меншае дзесяць рублёў за дзесяціну. Плацілі-ж сяляне работай за ўсё, што ім трэба было ад канторы, самыя дарагія цэны. Яны рабілі за лугі, за лес, за бульбянік, і ўсе амаль мелі запазычанасць у канторы. Так, за запольныя землі, якія аддаваліся ў наймы сялянам, бралася за дзесяціну ў чатыры разы больш таго, што цана яе магла даваць з разліку з пяці процантаў.

Усё гэта Нехлюдаў ведаў і раней, але ён цяпер даведаўся аб гэтым, як аб новым, і толькі здзіўляўся таму, як могуць усе людзі, якія знаходзіліся ў яго становішчы, не бачыць усёй ненармальнасці гэткіх адносін. Довады аконама аб тым, як пры перадачы зямлі сялянам нізавошта загіне ўвесь інвентар, які нельга будзе прадаць за адну чвэртку таго, чаго ён варты, як сяляне папсуюць зямлю, наогул, як багата Нехлюдаў згубіць пры гэткай перадачы, толькі яшчэ больш пераконвалі Нехлюдава ў тым, што ён робіць добры ўчынак, аддаючы сялянам зямлю і пазбаўляючы сябе большай часткі прыбыткаў. Ён наважыўся скончыць гэту справу цяпер-жа, у гэты свой прыезд. Сабраць і прадаць пасеяны хлеб, распрадаць інвентар і непатрэбныя будынкі — усё гэта павінен быў зрабіць аконам ужо пасля яго. Цяпер-жа ён прасіў аконама сабраць наступным днём сход сялян трох вёсак, акружаных зямлёй Кузмінскага, каб паведаміць іх аб сваім намеры і дамовіцца наконт цаны за зямлю, што прадавалася.

З прыемным адчуваннем сваёй цвёрдасці супроць довадаў аконама і гатоўнасці ахвяраваць для сялян, Нехлюдаў вышаў з канторы, абмяркоўваючы наступную справу, прайшоўся вакол дома па кветніках, запушчаных сёлета (кветнік знаходзіўся супроць дома аконама, па lawn-tennis‘у, які зарастаў цыкорыем, і па ліпавых прысадах, дзе ён звычай-