Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

бегалі ўзад і ўперад з даручэннямі і паперамі. Прыставы, адвакаты і судовыя служачыя праходзілі то туды, то сюды, прасіцелі або падсудныя не пад вартай панура вандравалі каля сцен або сядзелі, чакаючы.

— Дзе акруговы суд? — запытаўся Нехлюдаў у аднаго з вартаўнікоў.

— Які вам? Ёсць грамадзянскае аддзяленне, ёсць судовая палата.

— Я прысяжны.

— Крымінальнае аддзяленне. Так-бы і сказалі. Сюды направа, потым налева і другія дзверы.

Нехлюдаў пайшоў, як паказалі.

Каля паказаных дзвярэй стаялі два чалавекі, чакаючы: адзін быў выскі, тоўсты купец, добрадушны чалавек, які, відаць, выпіў і закусіў і быў у добрым гуморы; другі быў прыказчык яўрэйскага паходжання. Яны гутарылі пра цану на шэрсць, калі да іх падышоў Нехлюдаў і запытаў, ці тут пакой прысяжных.

— Тут, пане, тут. Таксама наш брат, прысяжны? — весела падміргваючы, запытаў добрадушны купец. — Ну што-ж, разам папрацуем, — працягваў ён на сцвярджальны адказ Нехлюдава. — 2-ой гільдыі Баклашоў, — сказаў ён, даючы мяккую шырокую непадатлівую руку, — папрацаваць трэба. З кім маю прыемнасць?

Нехлюдаў назваў сябе і прайшоў у пакой прысяжных.

У невялікім пакоі прысяжных было чалавек дзесяць рознага сорту людзей. Усе толькі што прышлі, і некаторыя сядзелі, іншыя хадзілі, разглядаючы адзін аднаго і знаёмячыся. Быў адзін адстаўны ў мундзіры, другія ў сурдутах, у пінжаках, адзін толькі быў у паддзёўцы.

На ўсіх быў, — не гледзячы на тое, што шмат каго гэта адарвала ад справы і што яны казалі, што ім цяжка гэта, — на ўсіх быў адбітак некаторага задавальнення, разуменне выканання грамадскай значнай справы.

Прысяжныя, хто пазнаёміўшыся, а хто так, толькі здагадваючыся, хто — хто, гутарылі паміж сабой аб надвор‘і, аб ранняй вясне, аб справах, што меліся разбірацца. Тыя, хто не былі знаёмы, паспяшаліся пазнаёміцца з Нехлю-