Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/220

Гэта старонка не была вычытаная

на хадзіў курыць сваю цыгарку, і дзе какетнічала з ім тры гады перад гэтым матчына госця, прыгожая Кірымава. Прыдумаўшы коратка прамову, якую ён скажа заўтра мужыкам, Нехлюдаў пайшоў да аконама і, абмеркаваўшы з ім за чаем яшчэ раз пытанне аб тым, як ліквідаваць усю гаспадарку, зусім заспакоіўшыся ў гэтай справе, якую ён збіраўся зрабіць для сялян, увайшоў у прыгатаваны для яго пакой вялікага дома, прызначаны для прыймання гасцей.

У невялікім чыстым пакоі гэтым з карцінамі відаў Венецыі і люстрам паміж двух акон стаяў чысты пружынны ложак і столік з графінам вады, запалкамі і гасілкай. На вялікім стале каля люстра ляжаў яго адкрыты чамадан, з якога віднеліся яго туалетны несесер і кнігі, узятыя ім з сабой: руская — спроба даследавання законаў злачыннасці, аб тым самым адна нямецкая і адна англійская кніга. Ён хацеў іх чытаць у вольныя мінуты ў час паездкі па вёсках, але сёння ўжо не было калі, і ён збіраўся класціся спаць, каб заўтра раней падрыхтавацца да гутаркі з сялянамі.

У пакоі ў кутку стаяла старажытнае крэсла з чырвонага дзерава з інкрустацыямі, і выгляд гэтага крэсла, якое ён памятаў у матчынай спальні, раптам узняў у душы Нехлюдава зусім нечаканае пачуццё. Яму зрабілася шкада і дома, які разбурыцца, і саду, які запусціцца, і лясоў, якія вырубяцца, і ўсіх тых абораў, стайняў, інструментавых памяшканняў, машын, коней, кароў, якія хаця і не ім, але — ён ведаў — заводзіліся і падтрымліваліся з гэткімі цяжкасцямі. Раней яму здавалася лёгка адмовіцца ад усяго гэтага, але цяпер яму зрабілася шкада не толькі гэтага, але і зямлі, і паловы прыбыткаў, якія маглі гэтак спатрэбіцца цяпер. І адразу-ж яму на дапамогу з‘явіліся разважанні, па якіх выходзіла, што неразумна і не варта аддаваць зямлю сялянам і знішчаць сваю гаспадарку.

„Зямлёй я не павінен валодаць. А не валодаючы зямлёй, я не магу падтрымліваць усю гэту гаспадарку. Апрача таго, я цяпер паеду ў Сібір, і таму ні дом, ні маёнтак мне непатрэбны“, гаварыў адзін голас. „Усё гэта так, — гаварыў другі голас, — але, па-першае, ты не пражывеш-жа ўвесь век у Сібіры. Калі-ж ты ажэнішся, дык у цябе могуць быць