Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/221

Гэта старонка не была вычытаная

дзеці. І як ты атрымаў маёнтак у спраўнасці, ты павінен такім самым перадаць яго. Ёсць абавязак да зямлі. Аддаць, знішчыць усё вельмі лёгка, завесці-ж усё вельмі цяжка. Галоўнае-ж — ты павінен абмеркаваць сваё жыццё і вырашыць, што ты будзеш рабіць з сабой, і адпаведна гэтаму і распарадзіцца сваёй уласнасцю. А ці цвёрда ў цябе гэта вырашэнне? Потым — ці толькі перад сваім сумленнем учыніш так, як ты ўчыняеш, або робіш гэта для людзей, для таго, каб пахваліцца перад імі?“ пытаўся ў сябе Нехлюдаў і не мог не прызнацца, што тое, што будуць гаварыць аб ім людзі, мела ўплыў на яго рашэнне. І чым больш ён думаў, тым больш і больш узнімалася пытанняў і тым яны рабіліся невырашальней. Каб пазбавіцца ад гэтых думак, ён лёг на свежы ложак і хацеў заснуць з тым, каб заўтра, на свежую галаву, вырашыць пытанні, у якіх ён цяпер заблытаўся. Але ён доўга не мог заснуць; у адчыненыя вокны разам з свежым паветрам і месячным святлом уліваліся крактанне жаб, яно перабівалася чаханнем і свістам салаўёў далёкіх, з парка, і аднаго блізка — пад акном, у бэзавым кусту, які пачаў распускацца. Слухаючы салаўёў і жаб, Нехлюдаў успомніў аб музыцы дачкі сматрыцеля; успомніўшы аб сматрыцелі, ён успомніў аб Маславай, як у яе таксама, як крактанне жаб, дрыжэлі губы, калі яна гаварыла: „вы гэта зусім пакіньце“. Потым немец-аконам пачаў спускацца да жаб. Трэба было яго ўтрымаць, але ён не толькі злез, але зрабіўся Маславай і пачаў дакараць яго: „Я катаржная, а вы князь“. „Не, не паддамся“, — падумаў Нехлюдаў і прачнуўся і запытаў сябе: „Што-ж, добра або дрэнна я раблю? Не ведаю, ды і мне ўсёроўна. Усёроўна. Трэба толькі спаць“. І ён сам пачаў спускацца туды, куды палез аконам і Маслава, і там усё скончылася.


II

Наступным днём Нехлюдаў прачнуўся ў 9 гадзін рання. Малады канторшчык, які прыслугоўваў пану, пачуўшы, што ён варушыцца, прынёс яму чаравікі, гэткія бліскучыя, якімі яны ніколі не былі, і халодную чыстую крынічную