Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

чыць. Нарэшце, дзякуючы аконаму, вызначылі цану і тэрміны плацяжоў, і сяляне, шумна гутарачы, пайшлі пад гару, да вёскі, а Нехлюдаў пайшоў у кантору складаць з аконамам праект умовы.

Усё зрабілася гэтак, як гэтага хацеў і чакаў Нехлюдаў: сяляне атрымалі зямлю процантаў на 30 танней, чым аддавалася зямля ў акрузе, яго даход з зямлі зменшыўся амаль на палову, але яго было з лішкам дастаткова для Нехлюдава, асабліва з дадаткам сумы, якую ён атрымаў за прададзены лес і якую павінен быў атрымаць за продаж інвентара. Усё, здавалася, было вельмі добра, а Нехлюдаву ўвесь час было чамусьці сорамна. Ён бачыў, што сяляне, не гледзячы на тое, што некаторыя з іх дзякавалі яму, былі незадаволены і чакалі чагосьці большага. Атрымлівалася, што ён адабраў у сябе багата, а сялянам не зрабіў таго, чаго яны чакалі.

На другі дзень умова хатняя была падпісана, і Нехлюдаў, якога прышлі праводзіць абраныя дзяды, з непрыемным адчуваннем нечага недаробленага сеў у шыкоўную, як гаварыў фурман са станцыі, троечную каляску аконама і паехаў на станцыю, развітаўшыся з мужыкамі, якія здзіўлена і незадаволена ківалі галовамі. Нехлюдаў быў нездаволен сабой. Чым ён быў нездаволен, ён не ведаў, але яму ўвесь час чагосьці было сумна і чагосьці сорамна.


III

З Кузмінскага Нехлюдаў паехаў у атрыманы ў спадчыну ад цётак маёнтак — той самы, у якім ён пазнаёміўся з Кацюшай. Ён хацеў і ў гэтым маёнтку ўпарадкаваць справу з зямлёй таксама, як ён упарадкаваў яе ў Кузмінскім; апрача таго, даведацца пра ўсё тое, аб чым можна было даведацца пра Кацюшу і яе і свайго дзіцёнка: ці праўда, што ён памёр, і як ён памёр? Ён прыехаў у Панава ўранні, і першае, што здзівіла яго, калі ён заехаў на двор, быў выгляд запусцення і старасці, які мелі ўсе будынкі, асабліва дом. Жалезны, некалі зялёны, дах, даўно нефарбаваны, чырванеў ад іржы, і некалькі лістоў былі задраны ўгору, напэўна, бурай; дошкі,