Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

якімі быў абшаляваны дом, былі абадраны, месцамі яны лягчэй аддзіраліся, адварочваючы заіржэлыя цвікі. Ганкі — абодва, пярэдні і асабліва памятны яму задні — струхлелі і паламаліся, асталіся толькі перамёты; вокны некаторыя замест шкла былі забіты дошкамі, і флігель, у якім жыў прыказчык, і кухня, і стайня — усё было спарахнелым і шэрым. Толькі сад не толькі не пастарэў, але разросся, зросся і цяпер увесь квітнеў. З-за плота відны былі, нібы белыя воблакі, квітнеючыя вішні, яблыні і слівы. Агарожа з бэзу квітнела якраз таксама, як тады, чатырнаццаць год перад гэтым, калі за гэтым бэзам Нехлюдаў гуляў у гарэлкі з восемнаццацігадовай Кацюшай і, упаўшы, абстрыкаўся крапівой. Лісцвеніца, якую пасадзіла Соф‘я Іванаўна каля дома і была тады з кол, была цяпер вялікім дрэвам, годным на бервяно, усё адзетае жоўта-зялёнай, пяшчотна-пушыстай ігліцай. Рака стаяла ў берагах і шумела на млыне ў спусках. На лузе за ракой пасвіўся пярэсты змешаны сялянскі статак. Прыказчык, семінарыст, які не скончыў курса, усміхаючыся, сустрэў Нехлюдава на дварэ, неперастаючы ўсміхацца, запрасіў яго ў кантору і, усміхаючыся-ж, быццам гэтай усмешкай абяцаючы нешта асаблівае, пайшоў за пераборку. За пераборкай пашапталіся і замаўчалі. Рамізнік, атрымаўшы на чай, звякаючы бубянцамі, паехаў з двара, і зрабілася зусім ціха. Услед за гэтым міма акна прабегла босая дзяўчына ў вышытай кашулі з падвескамі на вушах, за дзяўчынай прабег мужык, грукаючы цвікамі тоўстых ботаў на ўтаптанай сцежцы.

Нехлюдаў сеў ля акна, гледзячы ў сад і слухаючы. У маленькае акно на дзве палавіны, злёгку паварушваючы валасамі на яго потным ілбе і запіскамі, што ляжалі на парэзаным нажом падаконніку, цягнула свежым вясновым паветрам і пахам раскапанай зямлі. На рацэ „трап-па-тап, трап-па-тап“ пляскалі, перабіваючы адзін аднаго, пранікі баб, і гукі гэтыя разбягаліся па бліскучаму ад сонца плёсу запруджанай ракі, і роўнамерна чулася паданне вады на млыне, і паўз вуха, спалохана і звонка зумкаючы, праляцела муха. І раптам Нехлюдаў успомніў, што якраз таксама ён некалі даўно, калі ён быў яшчэ маладым і нявінным, чуў