Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

давым, відавочна, лічачы гэта за адменны гонар. І Нехлюдаў, як і заўсёды сярод незнаёмых людзей, прымаў гэта як неабходнае. Калі-б у яго запыталіся, чаму ён лічыць сябе вышэй за большасць людзей, ён не здолеў-бы адказаць, бо ўсё яго жыццё не мела ніякіх асаблівых пераваг. Тое, што ён гаварыў добра па-англійску, па-французску і па-нямецку, што на ім была бялізна, адзенне, гальштук і запанкі ад самых першых пастаўшчыкоў гэтых тавараў, ніяк не магло быць — ён сам разумеў — прычынай прызнання яго перавагі. А таксама ён безумоўна прызнаваў гэту сваю перавагу і прымаў адзнакі пашаны, якія выказвалі яму, як неабходнае, і крыўдзіўся, калі гэтага не было. У пакоі прысяжных яму неяк давялося адчуць гэта непрыемнае адчуванне ад выказанай яму непавагі. У ліку прысяжных знайшоўся знаёмы Нехлюдава. Гэта быў Пётр Герасімавіч (Нехлюдаў і не ведаў і нават крыху пахваляўся тым, што не ведае яго прозвішча), былы настаўнік дзяцей яго сястры. Пётр Герасімавіч гэты скончыў курс і быў цяпер настаўнікам гімназіі. Яго заўсёды не любіў Нехлюдаў за яго фамільярнасць, за яго самаздаволены рогат, наогул за яго „коммунасць“, як гаварыла сястра Нехлюдава.

— А, і вы патрапілі, — з гучным рогатам сустрэў Пётр Герасімавіч Нехлюдава. — Не выкруціліся?

— Я і не думаў выкручвацца, — строга і панура сказаў Нехлюдаў.

— Ну, гэта грамадзянская адвага. Пачакайце, як захочаце есці, ды спаць не дадуць, не тое заспяваеце! — яшчэ галасней рагочучы, загаварыў Пётр Герасімавіч.

„Гэты пратаіерэяў сын зараз пачне мне ,„ты“ гаварыць“, падумаў Нехлюдаў і, выразіўшы на сваім твары гэткі сум, які быў-бы натуральным толькі, каб ён зараз даведаўся аб смерці ўсіх сваякоў, адышоў ад яго і наблізіўся да групы, што згуртавалася каля паголенага высокага, самавітага пана, які нешта ажыўлена расказваў. Пан гэты гутарыў аб працэсе, які ішоў цяпер у грамадзянскім аддзяленні, як аб добра вядомай яму справе, называючы суддзяў і адвакатаў па імю і па бацьку. Ён расказваў пра той надзвычайны абарот, які ўмеў даць справе славуты адвакат і па якому адна