Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/230

Гэта старонка не была вычытаная

— А можна да вас зайсці ў хату? — сказаў Нехлюдаў, ідучы ўперад па дворыку і з ачышчанага месца ўваходзячы на некранутыя яшчэ і разгорнутыя сахарамі жоўта-шафранавыя пласты гною з моцным пахам.

— Чаму-ж, заходзь, — сказаў дзед і хуткімі крокамі босых ног, выціскаючы жыжку паміж пальцамі, выперадзіў Нехлюдава і адчыніў яму дзверы ў хату.

Бабы, паправіўшы на галовах хусткі і спусціўшы спадніцы, з цікаўным жахам глядзелі, як чысты пан з залатымі засцёжкамі на рукавах уваходзіў у іхні дом.

З хаты выбеглі ў кашулях дзве дзяўчынкі. Сагнуўшыся і зняўшы капялюш, Нехлюдаў увайшоў у сенцы і ў брудную і цесную, занятую двума кроснамі хату, якая пахла кіслай ежай. У хаце каля печы стаяла бабулька з закасанымі рукавамі худых, жылістых, загарэлых рук.

— Вось пан наш, да нас у госці зайшоў, — сказаў дзед.

— Што-ж, калі ласка, — ласкава сказала бабулька, адварочваючы закасаныя рукавы.

— Хацеў паглядзець, як вы жывеце, — сказаў Нехлюдаў.

— Ды гэтак жывем вось, як бачыш. Хата заваліцца хоча, яшчэ часам заб‘е каго. А стары кажа — і гэта добрая. Вось і жывем — пануем, — гаварыла жвавая бабулька, нервова торгаючы галавой. — Вось зараз абедаць збяру. Рабочы народ карміць буду.

— А што ў вас на абед?

— Што на абед? Страва ў нас добрая. Першая перамена хлеб з квасам, а другая — квас з хлебам, — сказала бабулька, ашчэрваючы свае з‘едзеныя да паловы зубы.

— Не, без жартаў, пакажыце мне, што вы будзеце есці сёння.

— Есці? — смеючыся сказаў дзед. — Страва наша не хітрая. Пакажы яму, старая.

Бабулька паківала галавой.

— Захацелася пану мужыцкую яду паглядзець? Цікавы ты, пане, пагляджу я на цябе. Усё яму ведаць трэба. Казала — хлеб з квасам, а яшчэ шчы, сныткі бабы ўчора прынеслі, вось і шчы, а пасля таго — бульба.

— І больш нічога?