Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, а хто ў вас самы бедны? — запытаў Нехлюдаў.

— Хто бедны? Міхайла бедны, Сямён Макараў, яшчэ Марфа дужа бедная.

— А Аніс‘я — тая яшчэ бяднейшая. Аніс‘я і каровы не мае — жабруюць, — сказаў маленькі Федзька.

— Яна каровы не мае, але іх усяго трое, а Марфа сама пятая, — адказаў старэйшы хлопчык.

— Усё-такі тая ўдава, — бараніў ружовы хлопчык Аніс‘ю.

— Ты гаворыш, Аніс‘я ўдава, а Марфа ўсё-адно, што ўдава, — працягваў старэйшы хлопчык. — Усё-адно — мужа няма.

— А дзе муж? — запытаў Нехлюдаў.

— У астрозе вошы корміць, — ужываючы звычайны выраз, сказаў старэйшы хлопчык.

— Летась у панскім лесе дзве бярозкі зрэзаў, яго і пасадзілі, — паспяшаўся сказаць маленькі ружовы хлопчык. — Цяпер шосты месяц сядзіць, а баба жабруе, трое дзяцей ды бабулька ўбогая, — стала гаварыў ён.

— Дзе-ж яна жыве? — сказаў Нехлюдаў.

— А вось гэты самы двор, — сказаў хлопчык, паказваючы на хату, супроць якой малюпасенькі белагаловы дзіцёнак, ледзьве трымаючыся на крывых, сагнутых уперад у каленях нагах, хістаючыся, стаяў на самай сцежцы, па якой ішоў Нехлюдаў.

— Васька, куды, непаседа, уцёк? — закрычала, выбягаючы з хаты ў бруднай, шэрай, нібы пасыпанай попелам кашулі баба і са спалоханым тварам кінулася ўперад Нехлюдава, падхапіла дзіцёнка і панесла ў хату, быццам яна баялася, што Нехлюдаў зробіць што-небудзь з яе дзіцёнкам. Гэта была тая самая жанчына, муж якой за бярозкі з лесу Нехлюдава сядзеў у астрозе.

— Ну, а Матруна — гэта бедная? — запытаў Нехлюдаў, калі яны ўжо падыходзілі да Матрунінай хаткі.

— Якая яна бедная: яна віном гандлюе, — рашуча адказаў ружовы худзенькі хлопчык.

Дайшоўшы да хаткі Матруны, Нехлюдаў адпусціў хлопчыкаў і ўвайшоў у сенцы і потым ў хату. Хатка старой Матруны была на шэсць аршын, так што на ложку, які быў за печчу, нельга было выцягнуцца вялікаму чалавеку. „На