Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/235

Гэта старонка не была вычытаная

чацвярых. Соскі ім у роцікі панатыркае, яны і маўчаць, сардэчныя.

— Ну, дык што-ж?

— Ну, гэтак і Кацярынінага дзіцёнка павезла. Ды яшчэ тыдні са два ў сябе трымала. Ён і змарнеў у яе яшчэ дома.

— А добры быў дзіцёнак? — запытаў Нехлюдаў.

— Гэткі дзіцёначак, што трэба было лепей, ды няма як. Ну, увесь у цябе, — дадала бабулька, падміргваючы старым вокам.

— Чаго-ж ён змарнеў? Напэўна, дрэнна кармілі?

— Які там корм! Для блізіру толькі. Вядомая рэч, не сваё дзіцё. Абы давезці жывым. Расказвала, давезла толькі да Масквы, так у той час і памёр. Яна і пасведчанне прывезла, — усё як трэба. Разумная была жанчына.

Толькі і ўсяго мог даведацца Нехлюдаў пра свайго дзіцёнка.


VI

Ударыўшыся яшчэ раз галавой аб двое дзвярэй у хаце і ў сенцах, Нехлюдаў вышаў на вуліцу. Хлопчыкі: белы, дымчаты і ружовы чакалі яго. Яшчэ некалькі новых далучылася да іх. Чакалі і некалькі жанчын з груднымі дзецьмі, і сярод іх была і тая худая жанчына, якая лёгка трымала на руцэ бяскроўнага дзіцёнка ў шапачцы з ласкуцікаў. Дзіцёнак гэты ўвесь час дзіўна ўсміхаўся ўсім сваім старэчым тварыкам і ўсё варушыў напружана пакрыўленымі вялікімі пальцамі. Нехлюдаў ведаў, што гэта была ўсмешка пакуты. Ён запытаў, хто была гэта жанчына.

— Тая самая Аніс‘я, што я табе казаў, — адказаў старэйшы хлопчык.

Нехлюдаў звярнуўся да Аніс‘і.

— Як ты жывеш? — запытаў ён. — Чым харчуешся?

— Як жыву? Жабрачу, — сказала Аніс‘я і заплакала.

Старэчы-ж дзіцёнак увесь расплыўся ва ўсмешку, выгінаючы свае, як чарвячкі, тоненькія ножкі.

Нехлюдаў дастаў кашалёк і даў 10 рублёў жанчыне. Не паспеў ён зрабіць два крокі, як яго дагнала другая