Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/237

Гэта старонка не была вычытаная

яго ў сведкі, — калі прыганяеце а поўдня, дык пільнуйце сваю скаціну.

— Толькі пабегла да малога, а яны пайшлі.

— А не адыходзь, калі ўзялася пільнаваць.

— А малога хто накорміць? Ты яму цыцку не дасі.

— Каб сапраўды нарабілі шкоды на лугах, і жывот-бы не хварэў, а то толькі зайшла, — гаварыла другая.

— Усе лугі патравілі, — звярнуўся прыказчык да Нехлюдава.

— Калі не спаганяць, зусім сена не будзе.

— Эх, не грашы, — закрычала цяжарная. — Мае ніколі не пападаліся.

— Ну, а папаліся, аддай ці адпрацуй.

— Ну, і адпрацую, адпусці карову толькі, не муч голадам, — злосна пракрычала яна. — І так адпачынку няма ні ўдзень ні ўначы. Свякруха хворая. Муж зап‘янстваваў. Адна паспяваю ва ўсе канцы, а сілы няма. Каб ты падавіўся сваёй адпрацоўкай.

Нехлюдаў папрасіў прыказчыка адпусціць кароў, а сам пайшоў у сад дадумваць сваю думу, але думаць цяпер ужо не было чаго. Усё гэта было яму цяпер гэтак ясна, што ён не мог дастаткова здзіўляцца з таго, як людзі не бачаць і ён сам гэтак доўга не бачыў таго, што гэтак відавочна ясна.

„Народ вымірае, прызвычаіўся да свайго вымірання. Сярод яго стварыліся спосабы жыцця, уласцівыя выміранню, — паміранне дзяцей, надмерная работа жанчын, недахоп харчу для ўсіх, асабліва для старых. І гэтак пакрысе прыходзіў народ у гэта становішча, што ён сам не бачыць усяго жаху яго і не скардзіцца на яго. А таму мы і лічым, што становішча гэтае натуральнае і гэткім і павінна быць“.

Цяпер яму было ясна, як дзень, што галоўная прычына народнай беднасці, якую разумеў і заўсёды выстаўляў сам народ, была ў тым, што ў народу землеўласнікі адабралі тую зямлю, з якой адной ён толькі і мог карміцца. А тым часам зусім ясна, што дзеці і старыя людзі паміраюць таму, што яны не маюць малака, а няма малака таму, што няма зямлі, каб пасвіць жывёлу і збіраць хлеб і сена. Зусім ясна,