Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/241

Гэта старонка не была вычытаная

Сяляне гэтай мясцовасці мелі больш убогі выгляд, чым сяляне Кузмінскага; як дзеўкі і бабы насілі падвескі ў вушах, гэтак і мужыкі былі амаль усе у лапцях і саматканых кашулях і кафтанах. Некаторыя былі босыя, у адных кашулях, як прышлі з работы.

Нехлюдаў зрабіў намаганне над сабой і пачаў сваю прамову тым, што паведаміў мужыкоў аб сваім намеры аддаць ім зямлю зусім. Мужыкі маўчалі, і выраз іхніх твараў ніяк не змяніўся.

— Таму што я лічу, — чырванеючы, гаварыў Нехлюдаў, — што зямлёй не павінен валодаць той, хто на ёй не працуе, і што кожны мае права карыстацца зямлёй.

— Вядомая рэч. Гэта якраз так, як трэба, — пачуліся галасы мужыкоў.

Нехлюдаў гаварыў далей аб тым, як даход ад зямлі павінен размяркоўвацца паміж усімі, і таму ён прапануе ім узяць зямлю і плаціць за яе цану, якую яны прызначаць, у грамадскі капітал, якім яны-ж будуць карыстацца. Усё яшчэ чуліся словы ўхвалы і згоды, але сур‘ёзныя твары сялян рабіліся ўсё больш і больш сур‘ёзнымі, і вочы, якія глядзелі раней на пана, апускаліся ўніз, быццам не жадаючы сароміць яго ў тым, што хітрасць яго зразумелі ўсе, і ён нікога не ашукае.

Нехлюдаў гаварыў даволі ясна, і мужыкі былі людзі кемкія, але яго не зразумелі і не маглі зразумець з той самай прычыны, з якой прыказчык доўга не разумеў. Яны былі цвёрда пераконаны ў тым, што кожнаму чалавеку ўласціва рабіць сабе на карысць. Пра памешчыкаў-жа яны даўно ўжо з вопыту некалькіх пакаленняў ведалі, што памешчык заўсёды робіць сабе на карысць за кошт сялян. І таму, калі памешчык заклікае іх і прапануе нешта новае, дык, пэўна, для таго, каб як-небудзь яшчэ хітрэй ашукаць іх.

— Ну, што-ж, па колькі вы думаеце абкласці зямлю? — запытаў Нехлюдаў.

— Што-ж нам абкладаць? Мы гэта не можам. Зямля ваша і ўлада ваша, — адказалі з натоўпу.

— Ды не, вы самі будзеце карыстацца гэтымі грашыма на грамадскія патрэбы.