Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/242

Гэта старонка не была вычытаная

— Мы гэтага не можам. Вобчаства само па сабе, а гэта зноў само па сабе.

— Вы зразумейце, — жадаючы растлумачыць справу, усміхаючыся сказаў прыказчык, — што князь аддае вам зямлю за грошы, а грошы гэтыя самыя зноў у ваш-жа капітал, на вобчаства аддаюцца.

— Мы вельмі добра разумеем, — сказаў бяззубы сярдзіты дзед, не падымаючы вачэй. — Падобна як у банку, толькі мы плаціць павінны ў тэрмін. Мы гэтага не хочам, бо і так нам цяжка, а то, значыцца, зусім чыстае разарэнне.

— Непатрэбна гэтага. Мы лепш, як раней, — загаманілі нездаволеныя і нават грубыя галасы.

Асабліва горача пачалі адмаўляцца, калі Нехлюдаў сказаў, што складзе ўмову, у якой падпішацца ён, і яны павінны будуць падпісацца.

— Што-ж падпісвацца? Мы гэтак, як працавалі, гэтак і будзем працаваць. А гэта навошта? Мы людзі цёмныя.

— Не згодны, бо справа незвычайная. Як было, гэтак хай і будзе. Насенне-б толькі адмяніць, — пачуліся галасы.

Адмяніць насенне значыла тое, што пры цяперашнім парадку насенне на пасеў з палавіны давалі сяляне, а яны прасілі, каб насенне было панскае.

— Вы, значыць, адмаўляецеся, не хочаце ўзяць зямлю? — запытаў Нехлюдаў, звяртаючыся да нестарога, з вясёлым тварам, босага селяніна ў абадраным кафтане, які трымаў асабліва проста на сагнутай левай руцэ сваю падраную шапку так, як трымаюць салдаты свае шапкі, калі па камандзе здымаюць іх.

— Так точна, — вымавіў гэты, відаць яшчэ не вызвалены ад гіпнатызма салдацтва, селянін.

— Значыць, у вас хапае зямлі? — сказаў Нехлюдаў.

— „Никак нет-с“, — адказаў з штучна вясёлым выглядам быўшы салдат, старанна трымаючы перад сабою сваю падраную шапку, нібы прапануючы яе кожнаму, хто пажадае пакарыстацца ёю.

— Ну, усё-такі вы абмяркуйце тое, што я сказаў вам, — гаварыў здзіўлены Нехлюдаў і паўтарыў сваю прапанову.