Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

конскага шчаўя, па якому з іржаннем скакаў адсталы стрыгун з расістых лугоў, якія прыемна пахлі балотам.

— Чуеш, зарастаюць лугі, трэба будзе ў свята баб даслаць іспольныя прапалоць, — сказаў худы мужык у прадраным кафтане, — а то косы парвеш.

— Падпішыся, гаворыць, — працягваў далей калматы мужык сваю думку аб прамове пана. — Падпішыся, ён цябе жывога праглыне.

— Гэта праўда, — адказаў стары.

І яны нічога больш не гаварылі. Чуўся толькі тупат конскіх ног па цвёрдай дарозе.


VIII

Вярнуўшыся дадому, Нехлюдаў знайшоў у прыгатаванай для яго начлегу канторы высокі ложак з пухавікамі, двума падушкамі і чырвонай-бардо двухспальнай шаўковай, дробна і ўзорыста штабнаванай, нягнуткай коўдрай, — напэўна пасаг прыказчыцы. Прыказчык прапанаваў Нехлюдаву рэшткі абеду, але калі той адмовіўся, ён папрасіў выбачэння за дрэнны пачастунак і ўбранне і пайшоў, пакінуўшы Нехлюдава аднаго.

Адмова сялян зусім не збянтэжыла Нехлюдава. Наадварот, не гледзячы на тое, што там, у Кузмінскім, яго прапанову прынялі і ўвесь час дзякавалі, а тут яму выказалі недаверлівасць і нават варожасць, ён адчуваў сябе спакойным і радасным. У канторы было душна і брудна. Нехлюдаў вышаў на двор і хацеў ісці ў сад, але ўспомніў тую ноч, акно ў дзявочай, задні ганак — і яму непрыемна было хадзіць па месцах, апаганеных злачыннымі ўспамінамі. Ён сеў зноў на ганачак і, удыхаючы ў сябе цёплае паветра, напоўненае моцным пахам бярозавага лісця, доўга глядзеў на чарнаваты сад і слухаў млын, салаўёў і яшчэ аднастайны посвіст у кусце каля самага ганка нейкай птушкі. У акне прыказчыка пагасілі агонь, на ўсходзе, з-за хлева, запалала зарава — гэта ўзыходзіў месяц, зарніцы ўсё святлей і святлей пачалі азараць запушчаны квітнеючы сад і спарахнелы дом, здалёк пачуліся грымоты, і трэць неба захінулася чор-