Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/246

Гэта старонка не была вычытаная

І як-быццам не жадаючы прапусціць гэтае святло, заціхшы салавей зноў засвістаў і зашчоўкаў з саду.

Нехлюдаў успомніў, як ён ў Кузмінскім пачаў абдумваць сваё жыццё, вырашаць пытанні аб тым, што і як ён будзе рабіць, і ўспомніў, як ён заблытаўся ў гэтых пытаннях і не мог вырашыць іх: колькі было меркаванняў па кожнаму пытанню. Ён цяпер задаў сабе гэтыя пытанні і здзівіўся, як усё было проста. Было проста таму, што ён цяпер не думаў аб тым, што з ім будзе, і яго нават не цікавіла гэта, а думаў толькі аб тым, што ён павінен зрабіць. І дзіўная справа, што патрэбна для сябе, ён ніяк не мог рашыць, а што трэба рабіць для іншых, ён ведаў добра. Ён ведаў цяпер добра, што трэба было аддаць зямлю сялянам, таму што ўтрымліваць яе было несумленна. Ведаў добра, што трэба не пакідаць Кацюшу, дапамагаць ёй, быць гатовым на ўсё, каб загладзіць сваю віну перад ёю. Ведаў добра, што трэба было вывучыць, разгледзець, усвядоміць сабе, зразумець усе гэтыя справы судоў і пакаранняў, у якіх ён адчуваў, што бачыць нешта такое, чаго не бачаць іншыя. Што атрымаецца з усяго гэтага, ён не ведаў, але ведаў цвёрда, што і тое, і другое, і трэцяе яму абавязкова трэба рабіць. І гэта цвёрдая ўпэўненасць была радаснай для яго.

Чорная хмара зусім насунулася, і зрабіліся віднымі ўжо не зарніцы, а маланкі, якія асвятлялі ўвесь двор. І спарахнелы дом з адламанымі ганкамі, і грымоты пачуліся ўжо над галавой. Усе птушкі сціхлі, але зашамацела лісце, і вецер дабег да ганку, дзе сядзеў Нехлюдаў, варушачы яго валасы. Даляцела адна кропля, другая забарабаніла па лапухах, жалезнаму даху, і ярка ўскалыхнула ўсё паветра; усё заціхла, і не паспеў Нехлюдаў палічыць да трох, як страшна трэснула нешта над самай галавой і раскацілася па небе.

Нехлюдаў увайшоў у дом.

„Так, так, — думаў ён. — Справа, якая робіцца нашым жыццём, уся справа, увесь сэнс гэтай справы незразумелы і не можа быць зразумелым для мяне: навошта былі цёткі, чаму Ніколенька Ірценеў памёр, а я жыву? Навошта была Кацюша? І маё вар‘яцтва? Навошта была гэта вайна? І ўсё маё наступнае распуснае жыццё? Усё гэта зразумець, зра-