Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

— Зноў Мацвея Нікіціча няма, — сказаў член нездаволена.

— Няма яшчэ, — надзяючы мундзір, адказаў старшыня. — Вечна позніцца.

— Дзіву даешся, як яму не сорамна, — сказаў член і сярдзіта сеў, вымаючы папяросы.

Член гэты, вельмі акуратны чалавек, сёння раніцою меў непрыемную сутычку з жонкай за тое, што жонка патраціла раней тэрміну дадзеныя ёй на месяц грошы. Яна прасіла даць ёй уперад, але ён сказаў, што не адступіць ад свайго. Вышла сцэна. Жонка сказала, што, калі так, дык абеду не будзе, каб ён і не чакаў абеду дома. На гэтым ён паехаў, баючыся, што яна выканае сваю пагрозу, бо ад яе ўсяго можна было чакаць. — „Вось і жыві добрым, маральным жыццём, — думаў ён, гледзячы на ззяючага, здаровага, вясёлага і добрадушнага старшыню, які, шырока расстаўляючы локці, прыгожымі белымі рукамі разгладжваў густыя і доўгія сіваватыя бакенбарды абапал шытага каўняра: — ён заўсёды здаволены і вясёлы, а я пакутую“.

Увайшоў сакратар і прынёс нейкую справу.

— Вельмі дзякую вам, — сказаў старшыня і закурыў папяроску. — Якую-ж справу пусцім першай?

— Ды я думаю, атручэнне, — нібы абыякава сказаў сакратар.

— Ну, добра, атручэнне дык атручэнне, — сказаў старшыня, скеміўшы, што гэта такая справа, якую можна скончыць да 4-х гадзін, а потым паехаць. — А Мацвея Нікіціча няма?

— Яшчэ няма.

— А Брэве тут?

— Тут, — адказаў сакратар.

— Дык скажыце яму, калі ўбачыце, што мы пачнем з атручэння.

Брэве быў той таварыш пракурора, які павінен быў абвінавачваць на гэтым паседжанні.

Вышаўшы ў калідор, сакратар сустрэў Брэве. Падняўшы высока плечы, ён, у расшпіленым мундзіры, з партфелем падпахай, амаль бегма, пастукваючы абцасамі і махаючы