Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/253

Гэта старонка не была вычытаная

усе згадзіліся прыняць прапанаваныя ўмовы, і прышлі да Нехлюдава абвясціць рашэнне ўсяго вобчаства. На згоду гэту мела ўплыў выказанае адной бабулькай, прынятае старымі, якое знішчала ўсялякую боязкасць ашуканства, тлумачэнне ўчынку пана, якое складалася з таго, што пан пачаў пра душу думаць і рабіць гэтак для яе паратунку. Тлумачэнне гэта сцвярджалася тымі вялікімі грашовымі міласцінямі, якія раздаваў тут Нехлюдаў, у час свайго прабывання ў Панаве. Грашовыя міласціні, якія раздаваў тут Нехлюдаў, былі выкліканы тым, што ён тут упершыню пазнаў тую ступень беднасці і суровасці жыцця, да якой дайшлі сяляне, і, здзіўлены гэтай беднасцю, хаця і ведаў, што гэта неразумна, не мог не даваць тых грошай, якіх у яго цяпер назбіралася асабліва багата, бо ён атрымаў іх за прададзены яшчэ ў мінулым годзе лес у Кузмінскім і яшчэ задаткі за продаж інвентара.

Як толькі даведаліся, што пан усім, хто просіць, дае грошы, гурбы народу, пераважна баб, пачалі хадзіць да яго з усёй акругі, просячы дапамогі. Ён зусім не ведаў, што рабіць з імі, чым кіравацца ў вырашэнні пытання, колькі і каму даць. Ён адчуваў, што не даваць тым, хто просяць, і відавочна, бедным людзям грошай, якіх у яго было багата, нельга было. А даваць выпадкова тым, якія просяць, не мела сэнсу. Адзіны сродак выйсці з гэтага становішча складаўся з таго, каб паехаць. Гэта самае ён і паспяшаўся зрабіць.

У апошні дзень свайго прабывання ў Панаве Нехлюдаў пайшоў у дом і пачаў перабіраць пакінутыя там рэчы. Перабіраючы іх, ён у ніжняй шуфлядцы старой цётчынай шыфан‘еркі з чырвонага дрэва, з жыватом і бронзавымі кольцамі з ільвінымі галовамі, знайшоў многа лістоў і сярод іх сфатаграфаваную на картачцы групу: Соф‘ю Іванаўну, Мар‘ю Іванаўну, яго самога студэнтам і Кацюшу — чыстую, свежую, прыгожую і жыццерадасную. З усіх рэчаў, якія былі ў доме, Нехлюдаў узяў толькі лісты і гэты здымак. Астатняе ўсё ён пакінуў млынару, які купіў за дзесятую частку цаны, па хадайніцтву прыказчыка, што ўсё ўсміхаўся, на звоз дом і ўсю мэблю Панава.