Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/254

Гэта старонка не была вычытаная

Успамінаючы цяпер сваё шкадаванне да загубленай уласнасці, якое ён адчуваў у Кузмінскім, Нехлюдаў здзіўляўся на тое, як мог ён перажываць гэтае пачуццё; цяпер ён адчуваў безупынную радасць вызвалення і адчуванне новага, падобнае да таго, што павінен адчуваць падарожнік, адкрываючы новыя землі.


X

Горад асабліва незвычайна і па-новаму ў гэты прыезд здзівіў Нехлюдава. Ён увечары, пры запаленых ліхтарах, прыехаў з вакзала на сваю кватэру. Па ўсіх пакоях яшчэ пахла нафталінам, і Аграфена Пятроўна і Карней — абодва адчувалі сябе стомленымі і незадаволенымі, і нават пасварыліся праз прыбіранне рэчаў, ужыванне якіх, здавалася, складалася толькі з таго, каб іх развешваць, сушыць і хаваць. Пакой Нехлюдава быў не заняты, але не прыбраны, і ад скрыняў прайсці да яго было цяжка, так што прыезд Нехлюдава, відавочна, перашкаджаў тым справам, якія, у сілу нейкай дзіўнай інерцыі, рабіліся на гэтай кватэры. Усё гэта было так непрыемна сваім відавочным вар‘яцтвам, якога ён некалі быў ўдзельнікам, здалося Нехлюдаву пасля ўражанняў вясковай нястачы, што ён парашыў пераехаць на другі-ж дзень у гасцініцу, пакінуўшы Аграфену Пятроўну прыбіраць рэчы, як яна гэта лічыла патрэбным, да прыезду сястры, якая ўпарадкуе канчаткова ўсё тое, што было ў доме.

Нехлюдаў раніцою вышаў з дому, выбраў сабе недалёка ад турмы ў першых сустрэчных, вельмі скромных і бруднаватых мэблевых пакоях памяшканне з двух нумароў і, загадаўшы аб тым, каб туды перавезлі выбраныя ім з дому рэчы, пайшоў да адваката.

На дварэ было холадна. Пасля навальніц і дажджоў пачаліся тыя халады, якія звычайна бываюць увесну. Было гэтак холадна і гэткі сцюдзёны вецер, што Нехлюдаў скалеў у лёгкім паліто і ўсё хутчэй і хутчэй крочыў, стараючыся сагрэцца.

У яго ўспамінах былі вясковыя людзі: жанчыны, дзеці, старыя, беднасць і змарнеласць, якія ён як быццам упер-