Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

— Халадэча якая! А?

— Але, але.

— Пакупкі ў цябе? — звярнуўся Шэнбок да рамізніка.

— Ну, дык бывай; вельмі, вельмі рады, што сустрэў цябе, — сказаў ён і, паціснуўшы моцна руку Нехлюдаву, ускочыў у таратайку, махаючы перад глянцавітым тварам шырокай рукой у новай белай замшавай пальчатцы і прывычна ўсміхаючыся сваімі надзвычайна белымі зубамі.

„Няўжо я быў гэткі? — думаў Нехлюдаў, ідучы да адваката. — Ну, хаця не зусім гэткі, але хацеў быць гэткім і думаў, што так і пражыву жыццё“.


XI

Адвакат прыняў Нехлюдава без чаргі і адразу-ж разгаварыўся пра справу Меншовых, якую ён прачытаў, і абурыўся беспадстаўнасцю абвінавачвання.

— Справа гэта абураючая, — гаварыў ён. — Магчыма, што падпаліў сам гаспадар для атрымання страхоўкі, але справа ў тым, што вінаватасць Меншовых зусім не даказана. Няма ніякіх доказаў. Гэта асаблівая стараннасць следчага і неахайнасць таварыша [пракурора]. Толькі-б справа слухалася не ў павеце, а тут, і я ручаюся за выйгрыш, і ганарару не бяру ніякага. Ну-с, другая справа — прашэнне на высачайшае імя Фядос‘і Біруковай — напісана; калі паедзеце ў Пецербург, вазьміце з сабой, самі падайце і папросіце. А то зробяць запытанне ў міністэрства юстыцыі, там адкажуць так, каб хутчэй збавіцца, гэта значыць адмовяць, і нічога не будзе. А вы пастарайцеся дабрацца да вышэйшых чыноў.

— Да цара? — запытаў Нехлюдаў.

Адвакат засмяяўся.

— Гэта ўжо найвышэйшая „высочайшая инстанция“. А вышэйшая — значыць — сакратара пры камісіі прашэнняў або загадчыка. Ну, усё цяпер?

— Не, вось мне яшчэ пішуць сектанты, — сказаў Нехлюдаў, вымаючы з кішэні ліст сектантаў. — Гэта дзіўная