Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

справа, калі справідлова, што яны пішуць. Я сёння пастараюся ўбачыць іх і даведацца, у чым справа.

— Вы, я бачу, зрабіліся нейкай варонкай, горлачкам, праз якое выліваюцца ўсе скаргі турмы, — усміхаючыся, сказаў адвакат. — Занадта багата, не пад сілу будзе.

— Не, але гэта дзіўная справа, — сказаў Нехлюдаў і расказаў сцісла сутнасць справы: людзі ў вёсцы збіраліся чытаць евангелле, прышло начальства і паразганяла іх. У наступную нядзелю зноў сабраліся, тады паклікалі ўрадніка, склалі акт, і іх аддалі пад суд. Судовы следчы дапытаў, таварыш пракурора склаў абвінаваўчы акт, судовая палата сцвердзіла абвінавачванне, і іх засудзілі ў ссылку.

— Гэта нешта жудаснае, — гаварыў Нехлюдаў. — Няўжо гэта праўда?

— Што-ж вас тут здзіўляе?

— Усё; ну, я разумею ўрадніка, якому загадалі, але таварыш пракурора, які складаў акт, ён-жа чалавек адукаваны…

— У гэтым і памылка, што мы прывыклі думаць, што пракуратура, судовыя наогул — гэта нейкія новыя ліберальныя людзі. Яны былі некалі такімі, але цяпер гэта зусім іншае. Гэта чыноўнікі, якія клапоцяцца толькі аб 20 чысле. Ён атрымлівае пенсію, яму трэба больш, і гэтым і абмяжоўваюцца ўсе яго прынцыпы. Ён каго хочаце будзе абвінавачваць, судзіць, прысуджаць.

— Няўжо існуюць законы, па якіх можна выслаць чалавека за тое, што ён разам з іншымі чытае евангелле?

— Не толькі выслаць у не зусім блізкія месцы, але на катаргу, калі толькі будзе даказана, што, чытаючы евангелле, дазволілі сабе тлумачыць яго інакш, не гэтак, як загадана, і таму асуджалі царкоўнае тлумачэнне. Ганьбаванне праваслаўнай веры пры народзе і згодна артыкула 196 — ссылка на пасяленне.

— Не можа быць.

— Я вам кажу. Я заўсёды кажу панам судовым, — працягваў адвакат, — што я не магу без удзячнасці бачыць іх, таму што калі я не ў турме і вы таксама, і мы ўсе, дык