Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/261

Гэта старонка не была вычытаная

ным, незвычайным стылі. Моцныя рыштаванні з вялікіх сасновых бярвенняў, схопленыя жалезнымі змацаваннямі, акружалі няскончаную пабудову і адмяжоўвалі яе ад вуліцы драўлянай агарожай. Па мастах рыштаванняў снавалі, як мурашкі, запырсканыя вапнай рабочыя: адны клалі, другія цясалі камень, трэція ўгору насілі цяжкія і ўніз пустыя насілкі і кадкі.

Тоўсты і добра апрануты чалавек, напэўна архітэктар, стоячы каля рыштаванняў, нешта паказваў угору і гаварыў владзімірцу-падрадчыку, які пачціва слухаў яго. З варот міма архітэктара з падрадчыкам выязджалі пустыя і ўязджалі нагружаныя фурманкі.

„І як яны ўсе ўпэўнены, і тыя, якія працуюць, таксама як і тыя, якія прымушаюць іх працаваць, што гэта так і павінна быць, што ў гэты час, калі дома іхнія цяжарныя бабы робяць непасільную работу, і дзеці іхнія ў шапачках, перад скорай галоднай смерцю, па-старэчаму ўсміхаюцца, перабіраючы ножкамі, ім трэба будаваць гэты дурны непатрэбны палац нейкаму дурному і непатрэбнаму чалавеку, аднаму з тых самых, якія рабуюць і разараюць іх“, думаў Нехлюдаў, паглядаючы на гэты дом.

— Але, недарэчны дом, — выказаў ён уголас сваю думку.

— Як недарэчны? — пакрыўджана адказаў рамізнік. — Дзякаваць, народу работу дае. А не недарэчны.

— Дык-жа работа непатрэбная.

— Значыць, патрэбная, калі будуюць, —адказаў рамізнік, — народ корміцца.

Нехлюдаў замаўчаў, тым больш, што цяжка было гаварыць ад грукату колаў. Недалёка ад турмы рамізнік з‘ехаў з бруку на шасе, так што лёгка было гаварыць, і зноў звярнуўся да Нехлюдзва.

— Што гэтага народу цяперака ў горад валіць — страх колькі, — сказаў ён, абарочваючыся на сядзенні і паказваючы Нехлюдаву на арцель вясковых рабочых, якія ішлі ім насустрач з піламі, з сякерамі, з кажухамі і торбамі за плячыма.

— Хіба больш, як у ранейшыя гады? — спытаў Нехлюдаў.

— Куды! Цяпер так набіваюцца ўсюды, што бяда. Гаспадары кідаюцца народам, як трэскамі. Усюды поўна.