Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/262

Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму-ж гэта так?

— Распладзіліся. Няма куды дзецца.

— Дык што-ж, калі распладзіліся? Чаму-ж не астаюцца ў вёсцы?

— Няма чаго ў вёсцы рабіць. Зямлі няма.

Нехлюдаў адчуваў тое, што бывае з хворым месцам. Здаецца, што, як наўмысля, удараешся ўсё балючым месцам, а здаецца гэта толькі таму, што толькі ўдары па балючым месцы заўважаеш.

„Няўжо ўсюды тое самае?“ падумаў ён і пачаў распытваць рамізніка пра тое, колькі ў іх у вёсцы зямлі, і колькі ў самога рамізніка зямлі, і чаму ён жыве ў горадзе.

— Зямлі ў нас, паночку, дзесяціна на душу. Трымаем мы на тры душы, — з ахвотай разгаварыўся рамізнік. — У мяне дома бацька, брат, другі ў салдатах. Яны ўпраўляюцца. Ды ўпраўляцца няма чаго. І то брат хацеў у Маскву пайсці.

— А не можна заарандаваць зямлі?

— Дзе цяпер заарандаваць? Панкі, якія былі, праматалі сваю. Купцы ўсю пакуплялі. У іх не купіш, — самі працуюць. У нас француз гаспадарыць, у старога пана купіў. Не здае — і ўсё тут.

— Які француз?

— Дюфар — француз, можа чулі. Ён у вялікім тэатры на акторак парыкі робіць. Справа выгадная, ну і забагацеў. У нашай паненкі купіў увесь маёнтак. Цяпер ён над намі гаспадар. Як хоча, так і ездзіць на нас. Дзякаваць, сам чалавек добры. Толькі жонка яго з рускіх, — гэткая зараза, што не дай божа. Рабуе народ. Бяда! Ну, вось і турма. Вам куды, да пад‘езду? Не пушчаюць, мабыць.


XIII

З трывогай у сэрцы і палохаючыся думкі пра тое, у якім становішчы ён сёння знойдзе Маславу, і той тайны, што была для яго і ў ёй і ў тым злучэнні людзей, якое было ў астрозе, пазваніў Нехлюдаў каля галоўнага ўваходу і запытаў надзірацеля, які вышаў да яго, пра Маславу.