Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/267

Гэта старонка не была вычытаная

тым, як яна была шчаслівай тады і магла-б быць шчаслівай з ім цяпер. Словы таварышкі напомнілі ёй тое, што яна была цяпер, і тое, што яна была там, — нагадалі ёй увесь жах таго жыцця, які яна тады цмяна адчувала, але не дазваляла сабе ўсведамляць. Цяпер толькі яна жыва ўспомніла ўсе гэтыя жахлівыя ночы і асабліва адну на масленіцы, калі чакала студэнта, які абяцаў выкупіць яе. Успомніла яна, як яна ў адкрытым, залітым віном, чырвоным шаўковым плацці, з чырвочым бантам у зблытаных валасах, змучаная і знясіленая і захмялелая, праводзіўшы гасцей каля двух гадзін ночы, падсела ў перапынак танцаў да худой, кастлявай, прышчаватай акампаніятаршы скрыпача і пачала скардзіцца ёй на сваё цяжкое жыццё, і як гэта акампаніятарша таксама гаварыла, што ёй абрыдла ўсё і яна хоча жыць іначай, і як да іх падышла Клара, і як яны раптам наважыліся ўсе тры кінуць гэта жыццё. Яны думалі, што сёнешняя ноч скончана, і хацелі разыходзіцца, як раптам зашумелі ў прадпакоі п‘яныя госці. Скрыпач зайграў рытурнель, акампаніятарша забарабаніла на піяніна акампанімент вельмі вясёлай рускай песні першай фігуры кадрылі; як маленькі, п‘яны, праванялы віном чалавечак у белым гальштуку і фраку, які ён зняў у часе другой фігуры, ікаючы, падхапіў яе, а другі тоўсты з барадой, таксама ў фраку (яны прыехалі з нейкага балу), падхапіў Клару, і як яны доўга круціліся, танцавалі, крычалі, пілі… І гэтак ішло год, і два, і тры. Як-жа не змяніцца? І прычынай усяго быў ён. І ў ёй раптам узнялася ранейшая злобнасць да яго: захацелася лаяць, дакараць яго. Яна шкадавала, што прапусціла выпадак сёння выказаць яму яшчэ раз тое самае, што яна ведае яго і не паддасца яму, не дазволіць яму духоўна скарыстаць яе, як ён карыстаўся ёй цялесна, не дазволіць яму зрабіць яе прадметам сваёй вялікадушнасці. І каб як-небудзь загасіць гэта балючае пачуццё жаласці да сябе і бескарыснага папікання яго, ёй захацелася віна. І яна не стрымала-б слова і выпіла-б віна, калі-б была ў астрозе. Тут-жа дастаць віна нельга было іначай, як у фельчара, а фельчара яна баялася таму, што ён прыставаў да яе. Адносіны-ж з мужчынамі былі для яе брыдкімі.