Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/269

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў адразу патрапіў у самы цэнтр арыстакратычных колаў, якія зрабіліся яму гэткімі чужымі. Яму непрыемна было гэта, а нельга было зрабіць іначай. Спыніцца не ў цёткі, а ў гасцініцы, значыла пакрыўдзіць яе, і тым часам цётка мела вялікія сувязі і магла быць вельмі карыснай ва ўсіх тых справах, па якіх ён думаў хадайнічаць.

— Ну, што я чую пра цябе? Нейкія цуды, — гаварыла яму графіня Кацярына Іванаўна, частуючы яго кавай адразу пасля яго прыезду. — Vous posez pour un Howard![1]. Памагаеш злачынцам. Ездзіш па турмах. Выпраўляеш.

— Ды не, я і не думаю.

— Што-ж, гэта добра. Толькі тут нейкая раманічная гісторыя. Ну, раскажы.

Нехлюдаў расказаў пра свае дачыненні з Маславай — усё, як было.

— Памятаю, памятаю, бедная Элен гаварыла мне нешта тады, калі ты ў тых бабулек жыў: яны цябе, здаецца, жаніць хацелі на сваёй выхаванцы (графіня Кацярына Іванаўна заўсёды пагардліва ставілася да цётак Нехлюдава па бацьку)… Дык гэта яна? Elle est encore jolie?[2]

Цётка Кацярына Іванаўна была шасцідзесяцігадовая, здаровая, вясёлая, энергічная, гаваркая жанчына. Росту яна была высокага і вельмі поўная, на губе ў яе былі прыкметны чорныя вусы. Нехлюдаў любіў яе і з дзяцінства яшчэ прывык заражацца яе энергіяй і вясёласцю.

— Не, ma tante[3], гэта ўсё скончана. Мне толькі хацелася памагчы ёй, таму, што, па-першае, яна нявінна засуджана, і я ў гэтым вінават, вінават і ва ўсім яе лёсе. Я адчуваю, што я павінен зрабіць для яе, што магу.

— Але як-жа мне казалі, што ты хочаш жаніцца з ёю?

— Так, я хацеў, але яна не хоча.

Кацярына Іванаўна, выпяўшы лоб і апусціўшы зрэнкі здзіўлена і моўчкі паглядзела на пляменніка. Раптам твар яе змяніўся, і на ім выявілася задавальненне.

  1. Ты прыкідваешся Говардам!
  2. Яна яшчэ прыгожая?
  3. Цётачка.