Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/270

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, яна разумней за цябе. Ах, які ты дурань! І ты ажаніўся-б з ёю?

— Абавязкова.

— Пасля таго, чым яна была?

— Тым больш. Я-ж вінават ва ўсім.

— Не, ты проста дурань, — сказала цётка, стрымліваючы ўсмешку. — Страшэнны дурань, але я цябе іменна за гэта люблю, што ты гэткі страшэнны дурань, — паўтарала яна, відаць асабліва палюбіўшы гэта слова, якое правільна перадавала, на яе думку, разумовае і маральнае становішча яе пляменніка. — Ты ведаеш, як гэта дарэчы, — працягвала яна. — У Aline дзіўны прытулак для Магдалін. Я была аднаго разу. Яны вельмі брыдкія. Я потым усё мылася. Але Aline corps et âme[1] занята гэтым. Дык мы яе, тваю, да яе аддадзім. Ужо калі хто выправіць, дык гэта Aline.

— Але яна засуджана на катаргу. Я для таго прыехаў, каб хадайнічаць аб скасаванні гэтага прысуду. Гэта мая першая справа да вас.

— Вось як! Дзе-ж гэта справа аб ёй?

— У сенаце.

— У сенаце? Дык мой любы cousin Лёвачка ў сенаце. Але-ж ён у дэпартаменце дурняў — герольдыі. Ну, а з сапраўдных я не ведаю нікога. Усё гэта бог ведае хто — або немцы: Ге, Фэ, Дэ, — tout l‘alphabet[2] або розныя Івановы, Семёнавы, Нікіціны або Іваненка, Сіманенка, Нікіценка, pour varier. Des gens de l‘autre monde[3]. Ну, усё-такі я скажу мужу. Ён іх ведае. Ён усякіх людзей ведае. Я яму скажу. А ты яму растлумач, а то ён ніколі мяне не разумее. Што-б я яму ні гаварыла, ён гаворыць, што нічога не разумее. C‘est un parti pris[4]. Усе разумеюць, толькі ён не разумее.

У гэты час лёкай у панчохах прынёс на срэбраным падносе ліст.

— Якраз ад Aline. Вось ты і Кізеветэра пачуеш.

— Хто гэта — Кізеветэр?

  1. Целам і душой.
  2. Увесь альфабэт.
  3. Каб больш разнастайнасці. Людзі іншага свету.
  4. Гэта ў яго наперад вырашана.