Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/272

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, не, яна сама пэўна ведае завошта. Яны вельмі добра ведаюць. І ім, гэтым стрыжаным, так і трэба.

— Мы не ведаем, ці трэба так або не. А яны пакутваюць. Вы — хрысціянка і верыце евангеллю, а не маеце літасці…

— Зусім гэта не перашкаджае. Евангелле — евангеллем, а што брыдка, то брыдка. Горш за ўсё будзе, калі я буду прыкідацца, што люблю нігілістаў і, галоўнае, стрыжаных нігілістак, калі я іх цярпець не магу.

— Завошта-ж вы іх цярпець не можаце?

— Пасля 1-га сакавіка пытаеш: завошта?

— Але-ж не ўсе ўдзельніцы 1-га сакавіка.

— Усёроўна, навошта лезуць не ў сваю справу. Не жаночая гэта справа.

— Ну, а вось Mariette, вы знаходзіце, што можа займацца справамі, — сказаў Нехлюдаў.

— Mariette? Mariette — Mariette. А гэта бог ведае хто, Халцюпкіна нейкая хоча ўсіх вучыць.

— Не вучыць, а проста хочуць памагчы народу.

— Без іх ведаюць, каму трэба і каму не трэба памагаць.

— Але-ж народ гаруе. Вось я зараз з вёскі прыехаў. Хіба гэта патрэбна, каб мужыкі працавалі з апошніх сіл і не елі ўдосыць, а каб мы жылі ў страшэннай раскошы, — гаварыў Нехлюдаў, мімавольна добрадушшам цёткі ўцягнены ў жаданне выказаць ёй усё, што ён думаў.

— А ты што-ж хочаш, каб я працавала і нічога не ела?

— Не, я не хачу, каб вы не елі, — мімаволі ўсміхаючыся, адказаў Нехлюдаў, — а я хачу толькі, каб мы ўсе працавалі і ўсе елі.

Цётка, зноў апусціўшы лоб і зрэнкі, з цікаўнасцю ўтаропілася на яго.

— Mon cher, vous finirez mal[1], — сказала яна.

— Ды чаму-ж?

У гэты час у пакой увайшоў высокі плячысты генерал. Гэта быў муж графіні, Чарскі, адстаўны міністр.

— А, Дзмітрый, добры дзень, — сказаў ён, падстаўляючы яму толькі што паголеную шчаку. — Калі прыехаў?

  1. Мой дарагі, ты дрэнна скончыш.