Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/273

Гэта старонка не была вычытаная

Ён моўчкі пацалаваў у лоб жонку.

— Non, il est impayable[1], — звярнулася графіня Кацярына Іванаўна да мужа. — Ён мне загадвае ісці на рэчку бялізну мыць і есці адну бульбу. Ён страшэнны дурань, але ўсё-такі ты яму зрабі, што ён цябе просіць. Страшэнны дурыла, — паправілася яна. — А ты чуў: Каменская, гавораць, у такой роспачы, што баяцца за яе жыццё, — звярнулася яна да мужа, — ты-б з‘ездзіў да яе.

— Але, гэта жахліва, — сказаў муж.

— Ну, ідзіце з ім гаварыць, а мне трэба лісты пісаць.

Толькі што Нехлюдаў вышаў у пакой каля гасцінай, як яна закрычала яму адтуль:

— Дык напісаць Mariette?

— Калі ласка, ma tante.

— Дык я пакіну en blanc[2], што табе трэба аб стрыжанай, а яна ўжо скажа свайму мужу. І ён зробіць. Ты не думай, што я злая. Яны ўсе брыдкія, твае protégées, але, je ne leur veux pas de mal[3]. Бог з імі! Ну, ідзі. А ўвечары абавязкова будзь дома. Пачуеш Кізеветэра. І мы памолімся. І калі ты толькі не будзеш працівіцца, ça vous fera beaucoup de bien[4]. Я-ж ведаю, і Элен, і вы ўсе вельмі адсталі ў гэтым. Да пабачэння.


XV

Граф Іван Міхайлавіч быў адстаўны міністр і чалавек з вельмі цвёрдымі перакананнямі.

Перакананні графа Івана Міхайлавіча з маладых год былі ў тым, што як птушцы ўласціва жывіцца чарвякамі, быць адзетай у пух і пер’і і лятаць па паветры, гэтак і яму ўласціва есці дарагія стравы, прыгатаваныя дарагімі кухарамі, быць апранутым у самую добрую і дарагую адзежу, ездзіць на самых добрых і хуткіх конях, і што таму гэта ўсё павінна быць для яго гатова. Апрача таго, граф Іван

  1. Не, ён беспадобны.
  2. Прабел.
  3. Я ім зла не жадаю.
  4. Гэта будзе вельмі карысна для цябе.