Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/274

Гэта старонка не была вычытаная

Міхайлавіч лічыў, што чым больш ён будзе ўсялякім чынам атрымліваць грошай ад дзяржавы, і чым больш будзе ў яго ордэнаў ды дыяментавых знакаў, і чым часцей ён будзе бачыцца і гаварыць з каранаванымі асобамі абаіх полаў, тым будзе лепш. Усё-ж астатняе, у параўнанні з гэтымі асноўнымі догматамі, граф Іван Міхайлавіч лічыў мізэрным і нецікавым. Усё астатняе магло быць зроблена і так і наадварот. Адпаведна гэтай веры граф Іван Міхайлавіч жыў і дзейнічаў у Пецербургу на працягу сарака год і пасля сарака год дасягнуў пасады міністра.

Галоўныя якасці графа Івана Міхайлавіча, з дапамогай якіх ён дасягнуў гэтага, былі ў тым, што ён, па-першае, умеў разумець сэнс напісаных папер і законаў, і хаця і нязграбна, але ўмеў складаць зразумелыя паперы і пісаць іх без арфаграфічных памылак; па-другое, быў надзвычайна салідны і, дзе трэба было, мог рабіць выгляд не толькі гонару, але і непадступнасці і велічы, а дзе трэба было, мог быць ліслівым да страснасці і подласці; па-трэцяе, у тым, што ў яго не было ніякіх агульных прынцыпаў, або правіл, ні асабіста маральных, ні дзяржаўных, і што ён таму з усімі мог быць згодзен, калі гэта трэба было, і, калі гэта трэба было, мог быць з усімі не згодзен. Робячы так, ён стараўся толькі аб тым, каб быў вытрыманы тон і не было відавочнай супярэчнасці з самім сабой, да таго-ж ці яго ўчынкі сумленныя, або несумленныя, ці дадуць яны вялікую карысць або вялікае зло для Расійскай імперыі або для ўсяго свету, ён ставіўся зусім абыякава.

Калі ён зрабіўся міністрам, не толькі ўсе залежныя ад яго, — а залежала ад яго вельмі багата людзёй і прыбліжаных, — але і ўсе староннія людзі і ён сам былі ўпэўнены, што ён вельмі разумны дзяржаўны чалавек.

Але калі прайшоў пэўны час, і ён нічога не зрабіў, нічога не паказаў, і, калі па закону барацьбы за існаванне, якраз такія самыя, як і ён, якія навучаліся пісаць і разумець паперы, салідныя і беспрынцыповыя чыноўнікі выцеснілі яго, і ён павінен быў пайсці ў адстаўку, дык усім зрабілася ясна, што ён быў не толькі не асабліва разумны і не глыбокадумны чалавек, але вельмі абмежаваны і мала адука-