Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

— Я, — сказаў самавіты пан, які ведаў усе судовыя справы.

— Адстаўны палкоўнік Іван Сямёнавіч Іваноў.

— Тут, — адгукнуўся худы чалавек у адстаўным мундзіры.

— Купец 2-й гільдыі Пётр Баклашоў.

— Ёсць, — сказаў добрадушны купец, усміхаючыся на ўвесь рот. — Гатовы!

— Гвардыі паручык князь Дзмітрый Нехлюдаў.

— Я, — адказаў Нехлюдаў.

Судовы прыстаў асабліва пачціва і прыемна, гледзячы поверх pince-nez, пакланіўся, нібы вылучаючы яго гэтым ад іншых.

— Капітан Юрый Дзмітравіч Данчэнка, купец Грыгорый Ефімавіч Кулешоў і т. д., і т. д.

Усе, апрача двух, прышлі.

— Цяпер, калі ласка, панове, у залу, — прыемным жэстам паказваючы на дзверы, сказаў прыстаў.

Усе рушылі і, прапускаючы адзін аднаго ў дзвярах, вышлі ў калідор і з калідора ў залу паседжання.

Зала суда была вялікім доўгім пакоем. Адзін канец яго быў занят узвышэннем, да якога вялі тры сходкі. На ўзвышэнні пасярэдзіне стаяў стол, накрыты зялёным сукном з больш цмянай зялёнай бахрамой. Ззаду стала стаялі тры крэслы з вельмі высокімі дубовымі разбянымі спінкамі, а за крэсламі вісеў у залатой аправе яркі партрэт на ўвесь рост цара ў мундзіры і з істужкай. Цар адставіў нагу і трымаўся за шаблю. У правым кутку вісеў ківот з абразом Хрыста ў цярновым вянку, і стаяў аналой, і з правага-ж боку стаяла канторка пракурора. З левага боку, супроць канторкі, быў у глыбіні столік сакратара, а бліжэй да публікі — точаныя дубовыя краты і за імі яшчэ незанятая лаўка падсудных. З правага боку на ўзвышэнні стаялі ў два рады крэслы таксама з высокімі спінкамі для прысяжных, унізе — сталы для адвакатаў. Усё гэта было ў пярэдняй частцы залы, падзеленай кратамі папалам. А задняя частка ўся занята была лавамі, якія, узвышаючыся адзін рад над другім, ішлі да задняй сцяны. У задняй частцы залы, на пярэдніх лавах, сядзелі чатыры жанчыны, накшталт фабрычных або пакаёвак, і двое мужчын, таксама з рабо-