Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/284

Гэта старонка не была вычытаная

чала. Таксама, як і ўсе, і Нехлюдаў адчуваў, што гэтым расказам ён зрабіў нешта накшталт непрыстойнасці.

Увечары, неўзабаве пасля абеду, у вялікай зале, дзе наўмысля, як для лекцыі, паставілі радамі крэслы з высокімі разбянымі спінкамі, а перад сталом крэсла і столік з графінам вады для прапаведніка, пачалі збірацца на сход, на якім павінен быў прапаведваць прыезджы Кізеветэр.

Каля пад‘езду стаялі дарагія экіпажы. У зале з дарагім убраннем сядзелі дамы ў шаўку, аксаміце, мярэжах, з накладнымі валасамі і абцягненымі і накладнымі станамі. Паміж дам сядзелі мужчыны — ваенныя і штацкія і чалавек пяць простых: два дворнікі, крамнік, лёкай і кучар.

Кізеветэр, моцны, крыху пасівелы чалавек, гаварыў па-англійску, а маладая худая дзяўчына ў pince-nez добра і хутка перакладала.

Ён гаварыў аб тым, што грахі нашы гэткія вялікія, кара за іх гэткая вялікая і няўхільная, што жыць, чакаючы гэтай кары, нельга.

— Толькі падумаем, мілыя сёстры і браты, аб сабе, аб сваім жыцці, аб тым, што мы робім, як жывем, як гневім поўнага любові бога, як прымушаем пакутваць Хрыста, і мы зразумеем, што няма для нас даравання, няма выхаду, няма паратунку, што ўсе мы павінны загінуць. Пагібель жахлівая, вечныя мукі чакаюць нас, — гаварыў ён дрыжачым голасам, як быццам плачучы. — Як выратавацца? Браты, як выратавацца з гэтага жахлівага пажару? Ён ахапіў ужо дом, і няма выхаду.

Ён памаўчаў, і сапраўдныя слёзы цяклі па яго шчоках. Ужо гадоў восем кожны раз без памылкі, як толькі ён даходзіў да гэтага месца сваёй прамовы, якая вельмі падабалася яму, ён адчуваў спазмы ў горле, шчыпанне ў носе, і з вачэй цяклі слёзы. І гэтыя слёзы яшчэ больш расчульвалі яго. У пакоі пачуліся рыданні. Графіня Кацярына Іванаўна сядзела каля мазаікавага століка, абапёршыся галавой на абедзве рукі, і тоўстыя плечы яе ўздрыгвалі. Кучар здзіўлена і спалохана глядзеў на немца, нібы ён наязджаў на яго дышлам, а ён не збочваў. Большасць сядзела ў гэткіх позах, як і графіня Кацярына Іванаўна. Дачка Вольфа, па-