Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/288

Гэта старонка не была вычытаная

Дама ўвайшла.

— Я забылася прасіць аб тым, каб не дапусціць яго аддаць дачку, а то ён на ўсё…

— Дык яж сказаў, што зраблю.

— Барон, прашу вас, вы выратуеце маці.

Яна схапіла яго руку і пачала цалаваць.

— Усё будзе зроблена.

Калі дама вышла, Нехлюдаў таксама пачаў адкланьвацца.

— Зробім, што можам. Звяжамся з міністэрствам юстыцыі. Яны адкажуць нам, і тады мы зробім, што можна.

Нехлюдаў вышаў і прайшоў у канцылярыю. Зноў, як у сенаце, ён знайшоў у цудоўным памяшканні цудоўных чыноўнікаў, чыстых, пачцівых, карэктных ад адзення да размоў, выразных і суровых.

„Як іх багата, як іх страшэнна багата, і якія яны сытыя, якія ў іх чыстыя кашулі, рукі, як добра наглянсованы ва ўсіх боты, і хто гэта ўсё робіць? І як ім усім добра ў параўнанні не толькі з астрожнымі, але і з вясковымі“, зноў мімаволі думаў Нехлюдаў.


XIX

Чалавек, ад якога залежала аблягчэнне лёсу зняволеных у Пецербургу, быў абвешаны ордэнамі, якіх ён не насіў, за выключэннем белага крыжыка ў пятліцы, заслужаны, але здзяцінелы, як пра яго казалі, стары генерал з нямецкіх баронаў. Ён служыў на Каўказе, дзе ён атрымаў асабліва прыемны для яго крыж за тое, што пад яго начальствам тады рускімі мужыкамі, абстрыжанымі і адзетымі ў мундзіры і ўзброенымі стрэльбамі са штыхамі, было забіта больш за тысячу людзей, якія абаранялі сваю свабоду і свае хаты і сем‘і. Потым ён служыў у Польшчы, дзе таксама прымушаў рускіх сялян рабіць шмат розных злачынстваў, за што таксама атрымаў ордэны і новыя аздобы на мундзір; потым быў яшчэ недзе, і цяпер, ужо знясілены і стары, атрымаў тую пасаду, на якой ён знаходзіўся ў гэты час і якая давала яму добрае памяшканне, пенсію і пашану. Ён строга выконваў прадпісанні зверху і асабліва