Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/291

Гэта старонка не была вычытаная

накіраваўся сваімі вялікімі крокамі нявыкручаных ног рашучай, роўнай хадою ў габінет. — Прыемна бачыць, — сказаў генерал Нехлюдаву грубым голасам ласкавыя словы, паказваючы яму на крэсла каля пісьмовага стала. — Даўно прыехалі ў Пецербург?

Нехлюдаў сказаў, што прыехаў нядаўна.

— Княгіня, маці ваша, як маецца?

— Маці памерла.

— Даруйце, вельмі шкадаваў. Мне сын казаў, што ён вас сустрэў.

Сын генерала рабіў такую самую кар‘еру, як і бацька, і пасля ваеннай акадэміі служыў у выведачным бюро і вельмі ганарыўся тымі заняткамі, якія былі там даручаны яму. Заняткі яго складаліся з загадвання шпіёнамі.

— Як-жа, з бацькам вашым служыў. Прыяцелі былі таварышы. Што-ж, служыце?

— Не, не служу.

Генерал з нездавальненнем нахіліў галаву.

— У мяне да вас просьба, генерал, — сказаў Нехлюдаў.

— О-о-о, вельмі рад. Чым магу служыць?

— Калі мая просьба не дарэчы, дык, калі ласка, даруйце мне. Але мне неабходна перадаць яе.

— Што такое?

— У вас знаходзіцца нехта Гуркевіч. Дык яго маці просіць аб спатканні з ім, або, прынамсі, аб тым, каб можна было перадаць яму кнігі.

Генерал не выказаў ні здавальнення, ні нездавальнення пры пытанні Нехлюдава, а, схіліўшы галаву на бок, зажмурыў вочы, як быццам абмяркоўваючы. Ён уласна нічога не абмяркоўваў і нават не цікавіўся пытаннем Нехлюдава, вельмі добра ведаючы, што ён адкажа яму па закону. Ён проста разумова адпачываў, ні аб чым не думаючы.

— Гэта, бачыце, ад мяне не залежыць, — сказаў ён, адпачыўшы крыху. — Аб спатканнях ёсць высачайшае зацверджанае палажэнне, і што там дазволена, тое і дазваляецца. Што-ж датычыцца кніжак, дык у нас ёсць бібліятэка, і ім даюць тыя, якія дазволены.

— Так, але яму патрэбны навуковыя, ён хоча займацца.