Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/293

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў слухаў яго хрыпкі старэчы голас, глядзеў на гэтыя скасцянелыя члены, на згаслыя вочы з-пад сівых броваў, на гэтыя старэчыя паголеныя адвіслыя скулы, падпёртыя ваенным каўняром, на гэты белы крыжык, якім ганарыўся гэты чалавек, асабліва таму, што атрымаў яго за выключна жорсткае і многадушнае забойства, і разумеў, што супярэчыць, тлумачыць яму значэнне яго слоў — бескарысна. Але ён усё-такі прымусіў сябе запытаць яшчэ аб другой справе, аб арыштантцы Шуставай, пра якую ён атрымаў сёння весткі, што яе загадалі выпусціць.

— Шустава? Шустава… Не памятаю ўсіх па імёнах. Іх-жа гэтак багата, — сказаў ён, відаць, дакараючы іх за гэта перапаўненне. Ён пазваніў і загадаў паклікаць справавода.

Пакуль хадзілі па справавода, ён настаўляў Нехлюдава служыць, гаворачы, што сумленныя, шляхетныя людзі, маючы ў думках сябе ў ліку такіх людзей, асабліва патрэбны цару… „і айчыне“, — дадаў ён, відавочна толькі дзеля красамоўства.

— Я вось стары, а ўсё-такі служу наколькі сілы дазваляюць.

Справавод, шчуплы, сухарлявы чалавек з неспакойнымі разумнымі вачыма, прышоў паведаміць, што Шустава знаходзіцца ў нейкім дзіўным фартыфікацыйным месцы, і што папер аб ёй не атрымалася.

— Калі атрымаем, у той самы дзень накіруем. Мы іх не трымаем, не даражым асабліва іхнімі наведваннямі, — сказаў генерал, зноў стараючыся жартаўліва ўсміхнуцца, але яго стары твар толькі крывіўся.

Нехлюдаў устаў, намагаючыся ўтрымацца ад выяўлення змешанага пачуцця агіднасці і жаласці, якое ён адчуваў да гэтага жудаснага старога. Стары таксама лічыў, што і яму не трэба быць занадта суровым да лёгкадумнага сына свайго таварыша, які, відавочна, трапіў на памылковы шлях, і не пакінуць яго без навучання.

— Бывайце-ж, мой дарагі, не крыўдзіцеся на мяне, гэта я, любячы вас, кажу. Не звязвайцеся з людзьмі, якія ў вас знаходзяцца. Нявінных не бывае. А людзі гэтыя ўсе самыя