Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/294

Гэта старонка не была вычытаная

несумленныя. Мы іх ужо ведаем, — сказаў ён тонам, які не даваў магчымасці сумнення. І ён сапраўды не сумняваўся ў гэтым не таму, што гэта была так, а таму, што калі-б гэта было не так, яму трэба было-б прызнаць сябе не паважаным героем, які як належыць дажывае добрае жыццё, а нягоднікам, які прадаў і на старасці год працягвае прадаваць сваё сумленне. — А лепш за ўсё служыце, — гаварыў ён. — Цару патрэбны сумленныя людзі… І айчыне, — дадаў ён. — Ну, калі-б і я, і ўсе гэтак, як вы, не служылі-б? Хто-б астаўся? Мы вось ганім парадкі, а самі не хочам памагаць ураду.

Нехлюдаў уздыхнуў глыбока, нізка пакланіўся, паціснуў міласліва працягнутую яму кастлявую вялікую руку і вышаў з пакоя.

Генерал з нездавальненнем паківаў галавой і, паціраючы паясніцу, пайшоў зноў у гасціную, дзе мастак паспеў ужо запісаць атрыманы адказ ад душы Іоанны д‘Арк і чакаў яго. Генерал надзеў pinse-nez і прачытаў: „будуць пазнаваць адна адну па святлу, якое будзе ісці ад эфірных целаў“.

— А, — са здавальненнем сказаў генерал, заплюшчыўшы вочы. — Але як-жа пазнаеш, калі святло ва ўсіх аднолькавае? — запытаў ён і, зноў скрыжаваўшы пальцы з мастаком, сеў за столік.

Рамізнік Нехлюдава выехаў праз вароты.

— А нудна тут, пане, — сказаў ён, звяртаючыся да Нехлюдава. — Хацеў, не дачакаўшыся, паехаць.

— Але, нудна, — згадзіўся Нехлюдаў, уздыхаючы поўным грудзьмі і з заспакаеннем спыняючы вочы на дымаватых хмарах, што плылі па небе, і на бліскучай зыбі Невы ад руху па ёй лодак і параходаў.


XX

Наступным днём справа Маславай павінна была разглядацца, і Нехлюдаў паехаў у сенат. Адвакат з‘ехаўся з ім каля поўнага веліччу пад‘езду сенацкага будынка, ля якога ўжо стаяла некалькі экіпажаў. Увайшоўшы па раскошных, урачыстых сходнях на другі паверх, адвакат, ведаючы ўсе