Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/296

Гэта старонка не была вычытаная

зайшлі за агарожу на месцы для публікі. Толькі пецербургскі адвакат вышаў наперад за канторку перад агарожай.

Зала паседжанняў сената была менш, як зала акруговага суда, была прасцей і адрознівалася толькі тым, што стол, за якім сядзелі сенатары, быў пакрыты не зялёным сукном, а малінавым аксамітам, абшытым залатым галуном, але тыя-ж самыя былі заўсёдныя атрыбуты месц выканання правасуддзя: зерцало, эмблема крывадушша — образ і эмблема рабалепства, партрэт цара. Так-жа ўрачыста абвяшчаў прыстаў: „суд ідзе“. Так-жа ўсе ўставалі, так-жа ўваходзілі сенатары ў сваіх мундзірах, так-жа сядалі ў крэслы з высокімі спінкамі, так-жа абапіраліся локцямі на стол, намагаючыся мець натуральны выгляд.

Сенатараў было чацвёра. Старшыня Нікіцін, увесь патолены чалавек, з вузкім тварам і сталёвымі вачыма; Вольф, з многазначна скрыўленымі губамі і белымі ручкамі, якімі ён перабіраў аркушы справы; потым Скавароднікаў, тоўсты, грузны, рабы чалавек, вучоны юрыст, і чацверты Бэ, той самы патрыярхальны дзядок, які прыехаў апошнім. Разам з сенатарамі ўвайшоў обер-сакратар і таварыш обер-пракурора, сярэдняга росту, сухарлявы, паголёны малады чалавек з вельмі цёмным колерам твара і чорнымі сумнымі вачыма. Нехлюдаў зараз-жа, не гледзячы на дзіўны мундзір і на тое, што ён год шэсць не бачыў яго, пазнаў у ім аднаго з лепшых прыяцеляў сваіх студэнцкіх часоў.

— Таварыш обер-пракурора Селенін? — спытаў ён у адваката.

— Так, а што?

— Я яго добра ведаю, гэта адменны чалавек…

— І добры таварыш обер-пракурора, здольны. Вось яго трэба было-б прасіць, — сказаў Фанарын.

— Ён ва ўсякім выпадку зробіць сумленна, — сказаў Нехлюдаў, успамінаючы свае блізкія адносіны і сяброўства з Селеніным і яго дарагія ўласцівасці чыстаты, сумленнасці, прыстойнасці ў самым лепшым сэнсе гэтага слова.

— Ды цяпер і няма калі, — прашаптаў Фанарын, паглыбіўшыся ў слуханне пачатага выкладання справы.