Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/298

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы ўласна па якой справе? — запытаў судовы прыстаў у Фанарына, як толькі сенатары пайшлі.

— Я ўжо гаварыў вам, што па справе Маславай, — сказаў Фанарын.

— Гэта так. Справа будзе разглядацца сёння. Але…

— Дык што-ж? — запытаў адвакат.

— Бачыце, справа гэта павінна была ісці без бакоў, так што паны сенатары бадай не выйдуць пасля абвяшчэння пастановы. Але я паведамлю.

— Г. зн. як-жа?..

— Я паведамлю, паведамлю. — І прыстаў нешта адзначыў на сваёй паперцы.

Сенатары сапраўды збіраліся, абвясціўшы пастанову па справе аб паклёпе, скончыць астатнія справы, у тым ліку Маслаўскую, за чаем і папяросамі, не выходзячы з пакоя для нарад.


XXI

Як толькі сенатары селі за стол у пакоі для нарад, Вольф пачаў вельмі жвава высоўваць матывы, па якіх справа павінна была быць касіравана.

Старшыня, і заўсёды чалавек нязычлівы, сёння быў асабліва не ў гуморы. Слухаючы справу ў часе паседжання, ён склаў ужо сваю думку, і цяпер сядзеў, не слухаючы Вольфа, паглыблены ў свае думы. Думы-ж яго складаліся з успамінання таго, што ён учора напісаў у сваіх мемуарах з прычыны прызначэння Вілянава, а не яго, на той важны пост, які ён ужо даўно жадаў атрымаць. Старшыня Нікіцін быў зусім шчыра ўпэўнен, што разважанні аб розных чыноўніках першых двух класаў, з якімі ён меў справу ў час сваёй службы, складаюць вельмі важны гістарычны матэрыял. Напісаўшы ўчора раздзел, у якім добра папала некаторым чыноўнікам першых двух класаў за тое, што яны перашкодзілі яму, як ён фармуляваў гэта, выратаваць Расію ад пагібелі, у якую ўцягвалі яе цяперашнія кіраўнікі, — па сутнасці-ж толькі за тое, што яны перашкодзілі яму атрымліваць больш, як цяпер, пенсіі, ён думаў цяпер аб тым, як для яго