Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/300

Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж тут дрэннага? Я вам у нашай літаратуры пажажу праект аднаго нямецкага пісьменніка, які проста прапануе, каб гэта не лічылася злачынствам, і каб магчым быў шлюб паміж мужчынамі, — сказаў Скавароднікаў, прагавіта з усхліпваннем зацягваючыся змятай папяросай, якую ён трымаў паміж карэннямі пальцаў у далоні, і голасна зарагатаў.

— Ды не можа быць, — сказаў Бэ.

— Я вам пакажу, — сказаў Скавароднікаў, прыводзячы поўную назву твора і нават год і месца выдання.

— Кажуць, яго ў нейкі сібірскі горад губернатарам прызначаюць, — сказаў Нікіцін.

— І дужа добра. Архіерэй яго з крыжам спаткае. Трэба было-б і архіерэя такога самага. Я-б ім гэткага рэкамендаваў, — сказаў Скавароднікаў і, кінуўшы недакурак папяроскі ў сподачак, забраў што мог барады і вусоў у рот і пачаў жаваць іх.

У гэты час увайшоў прыстаў і далажыў аб жаданні адваката і Нехлюдава прысутнічаць пры разглядзе справы Маславай.

— Вось гэта справа, — сказаў Вольф: — гэта цэлая раманічная гісторыя, — і расказаў тое, што ведаў пра дачыненні Нехлюдава да Маславай.

Пагаварыўшы аб гэтым, дакурыўшы папяросу і дапіўшы чай, сенатары вышлі ў залу паседжанняў, абвясцілі пастанову па папярэдняй справе і пачалі справу Маславай.

Вольф вельмі падрабязна сваім тонкім голасам далажыў касацыйную скаргу Маславай і зноў не зусім без прыхільнасці, а з відавочным жаданнем касіравання пастановы суда.

— Ці маеце што дадаць? — звярнуўся старшыня да Фанарына.

Фанарын устаў і, выпяўшы свае белыя шырокія грудзі, па пунктах, на дзіва паважна і дакладна выражаючыся, давёў адхіленне суда ў шасці пунктах ад сапраўднага сэнсу закона і, апрача таго, дазволіў сабе, хаця сцісла, закрануць самую справу па сутнасці і відавочную несправядлівасць яго рашэння.