Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/302

Гэта старонка не была вычытаная

брыдкімі. І ён, запіхваючы сабе ў рот бараду і крыўляючыся, вельмі натуральна прыкінуўся, што нічога не ведае аб гэтай справе, як толькі тое, што повады да касацыі недастатковыя, і таму згаджаецца са старшынёю ў тым, каб пакінуць скаргу без вынікаў.

У скарзе было адмоўлена.


XXII

— Жахліва! — гаварыў Нехлюдаў, выходзячы ў прыймовы пакой з адвакатам, які ўкладаў свой партфель. — У самай відавочнай справе яны прычапляюцца да формы і адмаўляюць. Жахліва!

— Справа сапсавана ў судзе, — сказаў адвакат.

— І Селенін за адмаўленне. Жахліва, жахліва! — паўтараў Нехлюдаў. — Што-ж рабіць цяпер?

— А пададзім на высачайшае імя. Самі і падайце, пакуль вы тут. Я напішу вам.

У гэты час маленькі Вольф, у сваіх ордэнах і мундзіры, увайшоў у прыймовы пакой і падышоў да Нехлюдава.

— Што рабіць, мілы князь. Не было дастатковых повадаў, — сказаў ён, паводзячы вузкімі плячыма і заплюшчваючы вочы і прайшоў, куды яму было трэба.

Услед за Вольфам вышаў і Селенін, даведаўшыся ад сенатараў, што Нехлюдаў, яго былы прыяцель, быў тут.

— Вось не чакаў цябе тут сустрэць! — сказаў ён, падыходзячы да Нехлюдава, усміхаючыся вуснамі, тым часам, як вочы яго аставаліся сумнымі. — Я і не ведаў, што ты ў Пецербургу.

— А я не ведаў, што ты обер-пракурор…

— Таварыш, — паправіў Селенін. — Як ты ў сенаце? —— запытаў ён, сумна і маркотна гледзячы на прыяцеля. — Я ведаў, што ты ў Пецербургу, але якім чынам ты тут?

— Тут я таму, што спадзяваўся знайсці справядлівасць і выратаваць нізавошта засуджаную жанчыну.

— Якую жанчыну?

— Справу якой зараз вырашылі.