Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/304

Гэта старонка не была вычытаная

сутнічаць на сходзе прыезджага прапаведніка, — усміхаючыся губамі, сказаў Селенін.

— Так, я быў, але пайшоў з брыдкасцю, — сярдзіта сказаў Нехлюдаў, з дасадай на тое, што Селенін адводзіць размову на іншае.

— Ну, чаму-ж з брыдкасцю? Усё-ж гэта праява рэлігійнага пачуцця, хаця і аднабаковае, сектанцкае, — сказаў Селенін.

— Гэта нейкая дзікая бяссэнсіца, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, не. Тут дзіўна толькі тое, што мы так мала ведаем вучэнне нашай царквы, што прымаем за нейкае новае адкрыццё нашы-ж асноўныя догматы, — сказаў Селенін, нібы спяшаючы выказаць былому прыяцелю свае новыя для яго погляды.

Нехлюдаў здзіўлена і ўважліва зірнуў на Селеніна. Селенін не апусціў вочы, у якіх выразіўся не толькі сум, але і нязычлівасць.

— Хіба ты верыш у догматы царквы? — запытаў Нехлюдаў.

— Канечне, веру, — адказаў Селенін, проста і мёртва гледзячы ў вочы Нехлюдаву.

— Нехлюдаў уздыхнуў.

— Дзіўна, — сказаў ён.

— Але-ж, мы пасля пагаворым, — сказаў Селенін. — Іду, — звярнуўся ён да судовага прыстава, які пачціва падышоў да яго. — Абавязкова трэба бачыцца, — дадаў ён, уздыхаючы. — Ці заспееш толькі цябе? Мяне-ж заўсёды застанеш а 7 гадзіне, к абеду… Надзеждзінская, — ён назваў нумар. — Багата з таго часу вады працякло, — дадаў ён, ідучы, зноў усміхаючыся аднымі губамі.

— Прыду, калі паспею, — сказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што некалі блізкі і любімы ім чалавек Селенін зрабіўся яму раптам, у выніку гэткай кароткай размовы, чужым, далёкім і незразумелым, калі не варожым.


XXIII

Калі Нехлюдаў ведаў Селеніна студэнтам, гэта быў вельмі добры сын, верны таварыш і для сваіх год добра адукаваны свецкі чалавек, з вялікім тактам, заўсёды эле-