Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/307

Гэта старонка не была вычытаная

часткова патрабавалася грамадскаю думкаю, — па службе даводзілася бесперапынна прысутнічаць на малебнах, асвячэннях, падзячных і да гэтага падобных служб: рэдкі дзень мінаў, каб не было якога-небудзь дачынення да знадворных форм рэлігіі, унікнуць якіх нельга было. Трэба было, прысутнічаючы на гэтых службах, адно з двух: ці прыкідацца (чаго ён з сваім праўдзівым характарам ніколі не мог), што ён верыць у тое, што не верыць, ці, прызнаўшы ўсе гэтыя знадворныя формы за ману, наладзіць сваё жыццё так, каб не быць вымушаным браць удзел у тым, што ён прызнае за ману. Але каб зрабіць гэту справу, якая здаецца гэткай нязначнай, трэба было вельмі многа: трэба было, апрача таго, што ўвайсці ў заўсёднае змаганне з усімі блізкімі людзьмі, трэба было змяніць усё сваё становішча, пакінуць службу і ахвяраваць усёй той карысцю людзям, якую ён думаў, што прыносіць на гэтай службе ўжо цяпер і, спадзяваўся, яшчэ больш прынясе ў будучыні. І каб зрабіць гэта, трэба быць цвёрда ўпэўненым у сваёй праўдзівасці. Ён і быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзівасці, як не можа не быць упэўненым у праўдзівасці цвярозага розуму кожны адукаваны чалавек нашага часу, які ведае трохі гісторыю, ведае паходжанне рэлігіі наогул і аб паходжанні і распадзе царкоўна-хрысціянскай рэлігіі. Ён не мог не ведаць, што ён меў рацыю, не прызнаючы праўдзівасці царкоўнага вучэння.

Але пад уплывам жыццёвых умоў ён, праўдзівы чалавек, дазволіў маленькую ману ў тым, што сказаў сабе, што, каб сцвярджаць тое, што неразумнае — неразумна, трэба перш вывучыць гэта неразумнае.

Гэта была маленькая мана, але яна такі завяла яго ў тую вялікую ману, у якой ён загруз цяпер.

Паставіўшы сабе пытанне аб тым, ці справядліва тое праваслаўе, у якім ён нарадзіўся і выхоўваўся, якое патрабуецца ад яго ўсімі акружаючымі, без прызнання якога ён не можа працягваць сваю карысную для людзей дзейнасць, — ён ужо загадзя вырашаў яго. І таму для ўразумення гэтага пытання ён узяў не Вольтэра, Шопенгауэра, Спенсера, Конта, а філасофскія кнігі Гегеля і рэлігійныя творы