Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/308

Гэта старонка не была вычытаная

Vinet, Хамякова, і, канешне, знайшоў у іх тое самае, што яму было трэба: падабенства заспакаення і апраўдання таго рэлігійнага вучэння, у якім яго выхоўвалі і якое розум яго даўно ўжо адкідаў, але без якога ўсё жыццё перапаўнялася непрыемнасцямі, а пры прызнанні якога ўсе гэтыя непрыемнасці адразу знікалі. І ён засвоіў сабе ўсе тыя звычайныя сафізмы аб тым, што асобны розум чалавека не можа пазнаць ісціны, што ісціна адкрываецца толькі сукупнасці людзей, што адзіны сродак пазнання яе ёсць адкравенне, што адкравенне захоўваецца царквой і т. д.; і з таго часу ўжо мог спакойна, не ўсведамляючы хлуслівасці сваіх учынкаў, прысутнічаць пры набажэнствах, паніхідах, абеднях, мог пасціць і хрысціцца на абразы і мог працягваць службовую дзейнасць, якая давала яму ўсведамленне карысці сваёй работы і ўцяшэнне ў нярадасным сямейным жыцці. Ён думаў, што ён верыць, але тым часам больш, як у чым-небудзь іншым, ён усёй істотай усведамляў, што гэта вера яго была нешта зусім „не тое“.

І ад гэтага ў яго былі заўсёды сумныя вочы. І ад гэтага, убачыўшы Нехлюдава, якога ён ведаў тады, калі ўсе гэтыя хлуслівасці яшчэ не ўмацаваліся ў ім, ён успомніў сябе гэткім, якім ён быў тады; і асабліва пасля таго, як ён паспяшыў яму намякнуць на свой рэлігійны погляд, ён больш, як калі-небудзь адчуў усё гэта „не тое“, і яму зрабілася балюча сумна. Тое самае — пасля першага ўражання радасці пабачыць старога прыяцеля — адчуў і Нехлюдаў.

І ад гэтага яны абодва, паабяцаўшы адзін аднаму, што пабачацца, абодва не шукалі гэтага спаткання і так і не бачыліся ў гэты прыезд у Пецербург Нехлюдава.


XXIV

Вышаўшы з сената, Нехлюдаў з адвакатам пайшлі разам па тратуары. Карэце сваёй адвакат загадаў ехаць за сабой і пачаў расказваць Нехлюдаву гісторыю таго дырэктара дэпартамента, пра якога гаварылі сенатары аб тым, як яго выкрылі і як замест катаргі, якая па закону належала