Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

сама адзетая ў арыштанцкі халат. Галава жанчыны была абвязана арыштанцкай хусткай, твар быў шэра-белы, без брывей і расніц, але з чырвонымі вачыма. Жанчына гэта здавалася зусім спакойнай. Калі яна праходзіла на сваё месца, халат яе зачапіўся за нешта, яна старанна, не спяшаючы, выпрастала яго і села.

Трэцяя падсудная была Маслава.

Як толькі яна ўвайшла, вочы ўсіх мужчын, што былі ў зале, накіраваліся на яе і доўга не адрываліся ад яе белага, з чорнымі глянсоўна-бліскучымі вачамі твару і высокіх грудзей, што выступалі пад халатам. Нават жандар, міма якога яна праходзіла, не спускаючы вачэй, глядзеў на яе, пакуль яна праходзіла і садзілася, і потым, калі яна села, нібы прызнаючы сябе вінаватым, хутка адвярнуўся і, устрасануўшыся, упяў вочы ў акно проста перад сабой.

Старшыня пачакаў, пакуль падсудныя занялі свае месцы, і, як толькі Маслава села, звярнуўся да сакратара.

Пачалася звычайная працэдура: пералічэнне прысяжных засядацеляў, размовы аб тых, што не з‘явіліся, пакаранне іх штрафам і вырашэнне аб тых, якія адпрашваліся, і папаўненне адсутных запаснымі. Потым старшыня склаў білецікі, уклаў іх у шкляную вазу і пачаў, крыху закасаўшы шытыя рукавы мундзіра і агаліўшы валасатыя рукі, з жэстамі фокусніка, вымаць па адным білеціку, раскатваць і чытаць іх. Потым старшыня спусціў рукавы і прапанаваў свяшчэнніку прывесці засядацеляў да прысягі.

Старэнькі свяшчэннік, з апухлым жоўтабледным тварам, у карычневай расе з залатым крыжам на грудзях і яшчэ нейкім маленькім ордэнам, прыколатым з боку на расе, павольна пад расай перасоўваючы свае апухлыя ногі, падышоў да аналоя, які стаяў пад абразом.

Прысяжныя ўсталі і натоўпам рушылі да аналоя.

— Калі ласка, — вымавіў свяшчэннік, дакранаючыся пухлай рукой сваёй да крыжа на грудзях і чакаючы набліжэння ўсіх прысяжных.

Свяшчэннік гэты свяшчэнстваваў 46 год і збіраўся праз тры гады адсвяткаваць свой юбілей таксама, як яго нядаўна адсвяткаваў пратаіерэй. А ў акруговым судзе ён