Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/311

Гэта старонка не была вычытаная

выразам, скрывіўшы рот, які крыху ўсміхаўся, і схіліўшы набок энергічны і вясёлы твар, моўчкі пазірала на сваю субяседніцу.

Нехлюдаў па некалькіх словах зразумеў, што яны гаварылі пра другую навіну пецербургскую таго часу, аб эпізодзе новага сібірскага губернатара, і што Mariette іменна ў гэтай галіне нешта сказала такое смешнае, што графіня доўга не магла стрымацца.

— Ты мяне са свету зжывеш, — гаварыла яна, закашляўшыся.

Нехлюдаў прывітаўся і падсеў да іх. І толькі што ён хацеў асудзіць Mariette за яе лёгкадумнасць, як яна, заўважыўшы сур‘ёзны і крыху незадаволены выраз яго твара, адразу-ж, каб упадабацца яму, — а ёй гэтага захацелася з таго часу, як яна ўбачыла яго, — змяніла не толькі выраз свайго твара, але і ўвесь свой душэўны настрой. Яна раптам зрабілася сур‘ёзнай, незадаволенай сваім жыццём і, чагосьці шукаючы, кудысьці парываючыся, не тое што прыкінулася, а сапраўды засвоіла сабе дакладна той самы душэўны настрой, — хаця яна словамі ніяк не здолела-б выказаць, з чаго ён складаўся, — у якім быў Нехлюдаў у гэту мінуту.

Яна запытала яго, як ён скончыў свае справы. Ён расказаў пра няўдачу ў сенаце і пра сваю сустрэчу з Селеніным.

— Ах! якая чыстая душа! Вось іменна chevalier sans peur et sans reproche[1]. Чыстая душа, — дадалі абедзве дамы той заўсёдны эпітэт, пад якім Селеніна ведалі ў грамадстве.

— Што такое яго жонка? — запытаў Нехлюдаў.

— Яна? Ну, я не буду папікаць. Але яна не разумее яго. Што-ж, няўжо і ён быў за адмову? — спыталася яна з шчырым спачуваннем. — Гэта жахліва, як мне яе шкада! — дадала яна, ўздыхаючы.

Ён нахмурыўся, і жадаючы змяніць размову, пачаў гаварыць аб Шуставай, зняволенай раней у крэпасці і вы-

  1. Рыцар без страху і дакору.