Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/312

Гэта старонка не была вычытаная

пушчанай па яе хадайніцтву. Ён падзякаваў яе за хадайніцтва перад мужам і хацеў сказаць аб тым, як жудасна думаць, што жанчына гэта і ўся сям‘я яе пакутвалі толькі таму, што ніхто не напомніў аб іх, але яна не дала яму дагаварыць і сама выказала сваё абурэнне.

— Не гаварыце мне, — сказала яна. — Як толькі муж сказаў мне, што яе можна вызваліць, мяне менавіта здзівіла гэта думка. Завошта-ж трымалі яе, калі яна невінаватая? — выказала яна тое, што хацеў сказаць Нехлюдаў. — Якая абураючая гісторыя!

Графіня Кацярына Іванаўна бачыла, што Mariette какетнічае з пляменнікам, і гэта пацяшала яе.

— Ведаеш што? — сказала яна, калі яны замаўчалі, — прыязджай заўтра ўвечары да Aline, у яе будзе Кізеветэр. І ты таксама, — звярнулася яна да Mariette.

— Il vous a remarqué[1], — сказала яна пляменніку. — Ён мне сказаў, што ўсё, што ты гаварыў, — я яму расказала, — усё гэта добрая прымета, і што ты абавязкова прыдзеш да хрыста. Абавязкова прыязджай. Скажы яму, Mariette, каб ён прыехаў. І сама прыязджай.

— Я, графіня, па-першае, не маю ніякіх правоў што-небудзь раіць князю, — сказала Mariette, гледзячы на Нехлюдава, і гэтым поглядам устанаўліваючы паміж ім і ёю нейкую поўную згоду аб дачыненні да слоў графіні і наогул да евангелізма, — і, па-другое, я не вельмі люблю, вы ведаеце…

— Ды ты заўсёды ўсё робіш наадварот і па-свойму.

— Як па-свойму? Я веру, як баба самая простая, — сказала яна, усміхаючыся. — А па-трэцяе, — працягвала яна, — я заўтра еду ў французскі тэатр…

— Ах! А ці бачыў ты гэту… ну, як яе? — сказала графіня Кацярына Іванаўна.

Mariette падказала імя славутай французскай актрысы.

— Едзь абавязкова, — гэта дзівосна.

— Каго-ж раней глядзець, ma tante, актрысу ці прапаведніка? — сказаў Нехлюдаў, усміхаючыся.

  1. Ён цябе заўважыў.