Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/314

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы думаеце, што я не разумею вас і ўсяго, што ў вас адбываецца. Тое, што вы зрабілі, усе ведаюць. C‘est le secret de polichinelle[1]. І я захапляюся гэтым і ўхваляю вас.

— Ды няма чым захапляцца, я так мала яшчэ зрабіў.

— Гэта ўсёроўна. Я разумею ваша пачуццё і разумею яе, — ну, добра, добра, я не буду гаварыць пра гэта, — перабіла яна сябе, заўважыўшы на яго твары незадавальненне. — Але я разумею яшчэ і тое, што, убачыўшы ўсе пакуты, усю жудасць таго, што робіцца ў турмах, — гаварыла Mariette, жадаючы толькі аднаго, прывабіць яго да сябе, сваім жаночым чуццём угадваючы ўсё тое, што было яму важна і дорага, — вы хочаце памагчы пакутнікам, якія пакутваюць гэтак жахліва, гэтак жахліва ад людзей, ад безуважнасці, жорсткасці… Я разумею, як можна аддаць за гэта жыццё, і сама-б аддала. Але ў кожнага свой лёс…

— Хіба вы нездаволены сваім лёсам?

— Я? — спыталася яна, нібы вельмі здзіўленая, што можна аб гэтым пытацца. — Я павінна быць здаволенай, — і здаволена. Але ёсць чарвяк, які прачынаецца…

— І яму нельга даваць засынаць, трэба верыць гэтаму голасу, — сказаў Нехлюдаў, зусім паддаўшыся яе мане.

Потым многа разоў Нехлюдаў з сорамам успамінаў усю сваю размову з ёю; успамінаў яе не гэтак хлуслівыя, як падробленыя пад яго словы і той твар — як быццам-бы расчуленай увагі, з якой яна слухала яго, калі ён расказваў ёй пра жахі астрога і пра свае ўражанні ў вёсцы.

Калі графіня вярнулася, яны гутарылі як не толькі старыя, але выключныя прыяцелі, якія адны разумеюць адзін аднаго сярод натоўпу, які не разумее іх.

Яны гаварылі аб несправядлівасці ўлады, аб пакутах няшчасных, аб беднасці народу, але, па сутнасці, вочы іх, пазіраючы адзін на аднаго пад шумок размовы, не пераставаючы пыталіся: „можаш кахаць мяне?“, і адказвалі: „магу“, і палавое пачуццё, прымаючы самыя нечаканыя і вясёлкавыя формы, цягнула іх адзін да аднаго.

  1. Гэта сакрэт полішынеля.