Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

служыў з часу адкрыцця судоў і вельмі ганарыўся тым, што ён прывёў да прысягі некалькі дзесяткаў тысяч чалавек і што, не гледзячы на свае гады, ён працягваў працаваць на карысць царквы, бацькаўшчыны і сям‘і, якой ён пакіне, апрача дома, капітал не менш трыццаці тысяч у процантных паперах. Тое-ж, што праца яго ў судзе, складаючыся з таго, каб прыводзіць людзей да прысягі над евангеллем, у якім прама забаронена прысяга, бы праца нядобрая, ніколі не прыходзіла яму ў галаву, і ён не толькі не цягаціўся ёю, але любіў гэты звыклы занятак, часта пры гэтым знаёмячыся з добрымі панамі. Цяпер ён не без прыемнасці пазнаёміўся з славутым адвакатам, унушаўшым яму вялікую павагу тым, што за адну толькі справу старушкі з аграмаднымі кветкамі на шляпцы ён атрымаў дзесяць тысяч рублёў.

Калі прысяжныя ўсе ўзышлі на ўзвышша, свяшчэннік, нагнуўшы набок лысую і сівую галаву, пралез ёю ў засаленую дзіру епітрахілі і, аправіўшы жыдкія валасы, звярнуўся да прысяжных.

— Правую руку падыміце, а персты злажыце так вось, — сказаў ён павольна старэчым голасам, падымаючы пухлую руку з ямачкамі над кожным пальцам і складваючы гэтыя пальцы ў шчэпоць. — Цяпер паўтарайце за мной, — сказаў ён і пачаў: — Абяцаю і клянуся ўсемагутным богам, перад святым яго евангеллем і жыватворачым крыжам гасподнім, што па справе, па якой… — гаварыў ён, робячы перарыў пасля кожнай фразы. — Не апускайце рукі, трымайце так, — звярнуўся ён к маладому чалавеку, апусціўшаму руку, — што па справе, па якой…

Самавіты пан з бакенбардамі, палкоўнік, купец і іншыя трымалі рукі са складзенымі перстамі так, як гэтага трэбаваў свяшчэннік, як-бы з асаблівай прыемнасцю, вельмі выстарчальна і высока, іншыя як быццам неахвотна і невыстарчальна. Адны занадта гучна паўтаралі словы, нібыта з задорам і выражэннем, гаворачым: „а я ўсё-такі буду і буду гаварыць“, іншыя-ж толькі шапталі, адставалі ад свяшчэнніка і потым, як-бы спужаўшыся, не ў-час даганялі яго; адны моцна, нібы баючыся, што выпусцяць штосьці,