Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/321

Гэта старонка не была вычытаная

і зрабілася рэччу. Я хачу развітацца з дачкой, — мне гавораць, каб я ішла і садзілася на рамізніка. Я пытаюся, куды мяне вязуць, — мне адказваюць, што я даведаюся, калі прывязуць. Я пытаюся: у чым мяне абвінавачваюць, — мне не адказваюць. Калі мяне пасля допыту раздзелі, адзелі ў астрожную адзежу за №, прывялі пад скляпенне, адамкнулі дзверы, піхнулі туды, замкнулі на замок і пайшлі, і астаўся адзін вартавы са стрэльбаю, які хадзіў моўчкі і зрэдку пазіраў у шчылінку маіх дзвярэй, — мне зрабілася дужа цяжка. Мяне, памятаю, тады больш за ўсё ўразіла тое, што жандарскі афіцэр, калі дапытваў мяне, прапанаваў мне курыць. Значыць, ён ведае, як любяць людзі курыць, ведае, значыць, і як любяць людзі свабоду, святло, ведае, як любяць маткі дзяцей, і дзеці матку; дык як-жа яны бязлітасна адарвалі мяне ад усяго дарагога, і замкнулі, як дзікага звера? Гэта нельга перажыць бясследна. Калі хто верыў у бога і людзей, у тое, што людзі любяць адзін аднаго, той пасля гэтага пакіне верыць у гэта. Я з таго часу пакінула верыць у людзей і азлабілася, — скончыла яна і ўсміхнулася.

З дзвярэй, куды пайшла Лідзія, вышла яе маці і сказала, што Лідачка вельмі расхвалявалася і не выйдзе.

— І завошта загублена маладое жыццё? — сказала цётка. — Асабліва балюча мне таму, што я мімаволі была прычынай.

— Бог дасць, на вясковым паветры адужае, — сказала маці, — пашлем яе да бацькі.

— Так, каб не вы, загінула-б зусім, — сказала цётка. — Дзякую вам. А бачыць я вас хацела таму, каб папрасіць вас перадаць ліст да Веры Ефрэмаўны, — сказала яна, дастаючы ліст з кішэні. — Ліст незапячатаны, можаце перачытаць яго і разарваць або перадаць, — што знойдзеце больш адпаведным да вашых перакананняў, — сказала яна. — У лісце няма нічога такога, каб вас скампраметавала.

Нехлюдаў узяў ліст і, паабяцаўшы перадаць яго, устаў і, развітаўшыся, вышаў на вуліцу.

Ліст ён, не прачытаўшы яго, запячатаў і парашыў перадаць па прызначэнню.