Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/322

Гэта старонка не была вычытаная

XXVII

Апошняя справа, якая затрымала Нехлюдава ў Пецербургу, была справа сектантаў, прашэнне якіх на імя цара ён збіраўся падаць праз былога таварыша па палку, флігель-ад‘ютанта Багатырова. Уранні ён прыехаў да Багатырова і застаў яго яшчэ дома, хаця і на ад‘ездзе, за снеданнем. Багатыроў быў невысокі, прысадзісты чалавек, надзелены пэўнай фізічнай сілай — ён гнуў падковы, — добры, сумленны, просты і нават ліберальны. Не гледзячы на гэтыя ўласцівасці, ён быў блізкім чалавекам да двара і любіў цара і яго сям‘ю і ўмеў нейкім дзіўным чынам, жывучы ў гэтым вышэйшым асяроддзі, бачыць у ім адно добрае і не ўдзельнічаць ні ў чым дрэнным і несумленным. Ён ніколі не ганіў ні людзей, ні мерапрыемствы, а ці маўчаў, ці гаварыў смелым, зычным, нібы ён крычаў, голасам тое, што яму трэба было сказаць, часта пры гэтым смеючыся гэткім самым зычным смехам. І рабіў ён гэта не з-за палітычнасці, а таму, што меў гэткую натуру.

— Ну, цудоўна, што ты заехаў. Не хочаш снедаць? А не, дык сядай. Біфштэкс цудоўны. Я заўсёды з грунтоўнага пачынаю і канчаю. Ха, ха, ха. Ну, віна выпі, — крычаў ён, паказваючы на графін з чырвоным віном. — А я пра цябе думаў. Прашэнне я падам. У рукі аддам — гэта верна; толькі прышло мне ў галаву, ці не лепш табе раней з‘ездзіць да Тапарова.

Нехлюдаў зморшчыўся, пачуўшы імя Тапарова.

— Усё ад яго залежыць. Бо ўсёроўна ў яго-ж запытаюць. А можа ён сам цябе задаволіць.

— Калі ты раіш, я паеду.

— І цудоўна. Ну, што Піцер, як на цябе дзейнічае, — пракрычаў Багатыроў, — скажы, а?

— Адчуваю, што загіпнатызоўваюся, — сказаў Нехлюдаў.

— Загіпнатызоўваешся? — паўтарыў Багатыроў і голасна зарагатаў. — Не хочаш, ну як хочаш. — Ён выцер сурвэткай вусы. — Дык паедзеш? А? — Калі ён не зробіць, дык давай мне, я заўтра-ж аддам, — пракрычаў ён, і, устаўшы з-за стала, перахрысціўся крыжам, відавочна таксама несвядома,