Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/323

Гэта старонка не была вычытаная

як ён абцёр рот, і пачаў прычапляць шаблю. А цяпер бывай, мне трэба ехаць.

— Разам выйдзем, — сказаў Нехлюдаў, з прыемнасцю паціскаючы дужую, шырокую руку Багатырова, і, як заўсёды, пад прыемным уражаннем нечага здаровага, несвядомага, свежага, развітаўся з ім на ганку яго дома.

Хоць ён і не чакаў нічога добрага ад сваёй паездкі, Нехлюдаў усё-такі, паслухаўшыся Багатырова, паехаў да Тапарова, да той асобы, ад якой залежала справа аб сектантах.

Пасада, якую займаў Тапароў, па прызначэнню свайму з‘яўлялася ўнутранай супярэчнасцю, не бачыць якую мог толькі чалавек недарэчны, пазбаўлены маральнага пачуцця. Тапароў меў абедзве гэтыя адмоўныя ўласцівасці. Супярэчнасць тае пасады, якую ён займаў, была ў тым, што мэтаю пасады з‘яўлялася і падтрыманне і абарона знешнімі спосабамі, не выключаючы і гвалтоўных, той царквы, якая па сваім-жа азначэнні створана самім богам і не магла быць парушана ні „вратами ада“, ні якімі-б то ні была чалавечымі намаганнямі. Гэту вось боскую і ніяк непарушную божую ўстанову павінна была падтрымліваць і абараняць тая чалавечая ўстанова, на чале якой стаяў Тапароў са сваімі чыноўнікамі. Тапароў не бачыў гэтай супярэчнасці ці не хацеў яе бачыць і таму вельмі сур‘ёзна клапаціўся аб тым, каб які-небудзь ксёндз, пастар ці сектант не разбурыў той царквы, якую не могуць перамагчы „врата ада“. Тапароў, як і ўсе людзі, пазбаўленыя асноўнага рэлігійнага пачуцця, усведамлення роўнасці і брацтва людзей, быў зусім упэўнен, што народ складаецца з істот зусім інакшых, як ён сам, і што народу абавязкова патрэбна тое, без чаго ён вельмі добра можа абыходзіцца. Сам ён у глыбіні душы ні ў што не верыў і знаходзіў такое становішча вельмі выгодным і прыемным, але баяўся, каб народ не прышоў у гэткае-ж становішча, і лічыў, як ён гаварыў, святым сваім абавязкам ратаваць ад гэтага народ.

Таксама, як у адной кухарскай кнізе гаворыцца, што ракі любяць, каб іх варылі жывымі, ён быў зусім пераконаны, і не ў пераносным сэнсе, як гэты выраз быў ужытым