Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/324

Гэта старонка не была вычытаная

у кухарскай кнізе, а ў простым, — думаў і гаварыў, што народ любіць жыццё ў забабонах.

Падтрымліваючы рэлігію, ён глядзеў на яе, як глядзіць куравод на падліну, якою ён корміць сваіх курэй: падліна дужа непрыемная, але куры любяць і ядуць яе, і таму трэба карміць іх падлаю.

Разумеецца, усе гэтыя Іверскія, Казанскія і Смаленскія — вельмі грубае ідалапакланенне, але народ любіць гэта і верыць у гэта, і таму трэба падтрымліваць гэтыя забабоны. Так думаў Тапароў, не разумеючы таго, што яму здавалася, што народ любіць забабоны толькі таму, што заўсёды знаходзіліся і цяпер знаходзяцца гэткія жорсткія людзі, якім быў і ён, Тапароў, якія, прасвяціўшыся, скарыстоўваюць сваю асвету не на тое, на што яны павінны былі-б скарыстоўваць яе, — на дапамогу народу, які выбіраецца з цемры невуцтва, а толькі на тое, каб замацаваць яго ў гэтай цемры.

Тым часам, як Нехлюдаў увайшоў у яго прыймовы пакой, Тапароў у габінеце сваім гутарыў з манашкай-ігуменняй, нейкай жвавай арыстакраткай, якая распаўсюджвала і падтрымлівала праваслаўе ў Заходнім краі сярод гвалтам прыгнаных да праваслаўя уніятаў.

Чыноўнік па асобых даручэннях, які дзяжурыў у прыймовым пакоі, распытаў Нехлюдава аб яго справе і, даведаўшыся, што Нехлюдаў узяўся перадаць прашэнне сектантаў гасудару, спытаў яго, ці не можа ён даць прагледзець прашэнне. Нехлюдаў даў прашэнне, і чыноўнік з прашэннем пайшоў у габінет. Манашка ў каптуры, з вузлем, які развяваўся і за якім цягнуўся чорны шлейф, склаўшы белыя з ачышчанымі пазногцямі рукі, у якіх яна трымала топазавыя чоткі, вышла з габінета і прайшла да выхаду. Нехлюдава ўсё яшчэ не запрашалі ўвайсці. Тапароў чытаў прашэнне і ківаў галавой. Ён непрыемна здзівіўся, чытаючы ясна і моцна напісанае прашэнне.

„Калі яно толькі патрапіць у рукі гасудару, яно можа выклікаць непрыемныя пытанні і непаразуменні“, — падумаў ён, дачытаўшы прашэнне. І, паклаўшы яго на стол, пазваніў і загадаў прасіць Нехлюдава.